Мазыр у чацвёрты раз пакарыўся сенненцам

У сталіцы беларускіх нафтавікоў горадзе Мазыры адбыўся вялікі агляд-конкурс творчых і спартыўных дасягненняў сярод структурных падраздзяленняў ПУП «Захад­транс­нафтапрадукт». У ліку шасці прадпрыемстваў удзел у спаборніцтвах прымала і наша ПС «Сянно». Варта адзначыць, што на ўсіх этапах сенненцы ішлі ў лідэрах.

 Мерапрыемства атрымалася маштабным па колькасці спаборніцтваў. Так, першая частка была прысвечана агляду мастацкай самадзейнасці. Тэматыка творчага конкурсу была прымеркавана да 65-годдзя Перамогі. Па словах відавочцаў, арыгінальны нумар, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі з сенненскай ПС, расчуліў усю залу. Лепшай стала і песня пра роднае прадпрыемства, якую склалі і выканалі сенненцы. Агульны вынік агляду — 3 месца.

 Вернымі сяброўкамі ў жыцці і на сцэне для супрацоўні­каў ПС сталі іх жонкі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у творчых конкурсах: Наталля Бозыр, Вольга Нікалаева, Святлана Сакалоўская, Алена Купрэенкава і іншыя. Пакарыла гледачоў і журы самая маленькая ўдзельніца каманды Арына Долгая.

 Увесь цяжар другой, спартыўнай, часткі лёг выключна на плечы працаўнікоў ПС, якія аказаліся вышэйшымі, мацнейшымі і спрытнейшымі за сваіх сапернікаў. У многіх відах спаборніцтваў сенненцы мелі першынство. Так, электраманцёр Аляксей Бакуноў заняў першае месца па тэнісе; аператар кацельні Аляксандр Пашкоўскі паказаў той жа вынік у гіравым спорце. Апошнюю кропку паставіў футбол. У агульным заліку атрымалася 1 месца. Застаецца павіншаваць нашых землякоў з перамогай і працягваць «балець» за іх… Тыя, хто паказаў найлепшы спартыўны вынік у Мазыры, прымуць удзел у спартакіядзе ў Самары, якую арганізуе ААТ «Паўднёва-Захадтранснафтапрадукт».

Вольга Бандарэвіч.