Першы дояр на Сенненшчыне

 Рашэннем калегіі райсельгасхарчу і пастановай прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў АПК падведзены вынікі спаборніцтва сярод жы­вёлаводаў раёна за студзень 2012 года.

 Сярод аператараў машыннага даення першае месца прысуджана Аляксандру Шэпелеву, які працуе ў ПП «Дружбінец». Ад кожнай каровы сваёй групы ён надаіў за месяц па 751 кілаграму малака, што на 353 кілаграма больш чым летась. Яшчэ адзін прадстаўнік гэтай гаспадаркі Людміла Глінская ад кожнай каровы надаіла па 704 кілаграма малака, перасягнуўшы мінулагодні паказчык на 337 кілаграмаў. Ёй прысуджана другое месца. Трэцяе месца — у Марыі Грыбковай. У аператара машыннага даення ДП «Саўгас імя Машэрава» надой на карову склаў 549 кілаграмаў малака.

 У аператараў па адкорму буйной рагатай жывёлы найвышэйшы паказчык 1174 грама прываг у суткі і першае месца — у Алены Прымак, якая працуе ў ААТ «Студзёнка». Другое месца занялі Наталля Азаронак і Дзмітрый Сідаровіч, жывёлаводы ААТ «Літусава». Іх гадаванцы ў суткі прыбаўлялі ў вазе па 1036 грамаў. Трэці вынік паказаў Уладзімір Камінскі з ААТ «Ульянавічы», які атрымаў 1009 грамаў сутачных прываг.

 На дарошчванні буйной рагатай жывёлы лепшы вынік сярод аператараў раёна за першы месяц бягучага года маюць: Віталь Кабураў (ДП «Саўгас імя Машэрава») — 950 грамаў сярэднясутачных прываг і першае месца; Зінаіда Салодкіна і Віктар Салодкін (ААТ «Літусава») — 944 грама сутачных прываг і другое месца; Сяргей Прыстаўка (ДП «Саўгас імя Машэрава») — сярэднясутачныя прывагі 911 грамаў і трэцяе месца.

 Згодна з умовамі раённага спаборніцтва за першае месца прысуджаецца Дыплом райсельгасхарчу і РК прафсаюза работнікаў АПК і прэмія ў памеры 100 тыс. рублёў. Узнагародай за другое і трэцяе месцы разам з Дыпломам стане прэмія 85 і 70 тыс. рублёў адпаведна.