Небо Родина Дети

Больш за 18 гадоў Алег Шумкоў не паднімаўся ў неба ў якасці лётчыка. У 1994 годзе былі апошнія яго палёты. Ад былой працы засталіся адны ўспаміны і, самае прыемнае, як адзначае Алег Валянцінавіч, тысячы знаёмых, з якімі сёння, дзякуючы інтэрнэту, можна пагаварыць не толькі пра былое.

 Алег Шумкоў нарадзіўся на Сенненшчыне, бацька яго — з в.Нямойта, маці — з в.Галавачы. Але сям’і не было наканавана жыць на роднай зямлі. Калі Алегу споўнілася 6 гадоў, Шумковы пераехалі ў Ленінград. Паўтара года пражылі на новым месцы. Скончыўшы Ленінградскі інстытут авіяцыйнага прыборабудавання бацька атрымаў накіраванне на працу ў Барнаульскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча імя  маршала авіяцыі К.Вяршыніна. Так, у чарговы раз, але не ў апошні, Алег Шумкоў змяніў месца жыхарства. Менавіта тут, у Барнауле, пазней ён адкрые для сябе зусім новы свет — свет лётчыкаў, самалётаў і неабсяжнай вышыні.

 Сям’я жыла побач з вучылішчам, дзе бацька працаваў выкладчыкам на кафедры авіяцыйнага прыборабудавання самалётаў. Кожны дзень Алег Шумкоў бачыў лётчыкаў, чуў гул нябесных машын. І дзесьці ў глыбіні душы зайздросціў гэтым «адважным людзям», уяўляў сябе на іх месцы, марыў, што калісьці і ён зможа падняцца ў неба.

 Калі ставіць перад сабой мэту і няспынна працаваць над яе ажыццяўленнем, то абавязкова ўсё атрымаецца, упэўнены Алег Валянцінавіч. Яшчэ ў школе ён займаўся барацьбой і паказваў нядрэнныя вынікі. А ў 10 класе стаў кандыдатам у майстры спорту па дзюдо. Выпускніку школы прапаноўвалі звязаць сваё жыццё са спортам, але жаданне акунуцца ў блакітныя глы­біні перамагло.

 Ён паступіў у мясцовае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча. Мара Алега пачала здзяйсняцца. Дарэчы, у сям’і Шумковых  Алег быў не першым лётчыкам (у гады Вялікай Айчыннай вайны з ворагам у небе змагаўся яго дзядзька) і не апошнім — лётчыкам стаў і малодшы брат Шумкова — Дзмітрый.

 У 1981 годзе, пасля заканчэння вучылішча, лётчыка першага класа Алега Шумкова накіроўваюць у Арэнбург, у Прыволжска-Уральскую ваенную акругу. Тут, у Арэнбургскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы, ён рыхтуе лётныя кадры. На сваё першае рабочае месца, Алег Валянцінавіч прыбыў сямейным чалавекам. З жонкай Ірынай ён пазнаёміўся падчас чарговага водпуску, калі прыязджаў да сваякоў у вёску Нямойта.

 Інструктар па лётнай справе, трэнер секцыі па дзюдо, пастаяннае павышэнне прафесіянальнага майстэрства пакідалі мала часу для сям’і. Але Ірына добра разумела мужа і заўсёды падтрымлівала.

 У 1987 годзе Алег Шумкоў стаў майстрам спорту па вышэйшаму пілатажу на рэактыўных самалётах. Двойчы ўдзельнічаў у чэмпіянаце Савецкага Саюза па самалётнаму спорту. Падрыхтаваў 6 лётчыкаў да ўзроўню майстраў спорту СССР па вышэйшаму пілатажу. Невядома, якіх бы яшчэ вышынь дасягнуў Алег Валянцінавіч у лётнай справе, калі б не 1991 год, распад Саюза. У хуткім часе вучылішча, як і многія іншыя навучальныя ўстановы, скарацілі. Алега Шумкова зноў перавялі ў Барнаул. Але перамены ў жыцці наклалі свой адбітак: ад былога аптымізму практычна нічога не засталося. Адпрацаваўшы ў Барнауле тры гады, ён звальняецца і назаўсёды пакідае ваенную справу.  Шумковы прынялі рашэнне вярнуцца на радзіму бацькоў. З двума дзеткамі, жонкай, з тады яшчэ жывой маці (бацька памёр і пахаваны ў Барнауле) Алег Шумкоў прыязджае ў  Нямойту.

  Былы ваенны, маёр запасу, Шумкоў знайшоў сабе працу па душы. З 1998 года ён кіраўнік вядомага ў раёне спартыўнага ваенна-патрыятычнага гуртка «Спарта» пры ДУДА «Сенненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі». Яму ёсць чаму вучыць і што расказаць дзецям. Заняткі з падлеткамі для кіраўніка — гэта сумяшчэнне прыемнага з карысным, як адзначыў ён сам: «З дзецьмі я, па-сапраўднаму,  адпачываю».

 Жонка Алега Валянцінавіча — выкладчык рускай мовы і літаратуры ў Сенненскай школе №2. Сыны пайшлі сваімі шляхамі. Ні лётчыкамі, ні педагогамі яны не сталі: старэйшы Аляксандр працуе эканамістам, малодшы Дзмітрый — зубны тэхнік у Сма­ленску.

 На тое, што дзеці не звязалі сваё жыццё з лётнай справай, Алег Валянцінавіч не крыўдуе: «За сябе так не перажываў, як за іх давялося б, калі б пайшлі маёй дарогай. Сапраўдным чалавекам можна быць, займаючыся любой справай патрэбнай сям’і, людзям, грамадству. У кожнага свая дарога.

Ала ЯКАЎЛЕВА.