«Бытовик» в четвёртом поколении. Главный инженер Богушевского «Престижа» Мария Болабовка признана «Человеком года Витебщины»

Для таго, каб працаваць у бытавым абслугоўванні, трэба любіць людзей. Такімі словамі пачала нашу гутарку галоўны інжынер КУПБА «Прэстыж» Марыя Балабоўка (на здымку), да якой мы завіталі з нагоды прысваення ёй звання «Чалавек года Віцебшчыны» ў намінацыі «Сфера паслуг».

У «бытоўцы» Марыя Ра­мальдаўна працуе з 1979 года. У галіну прыйшла невыпадкова. Яшчэ калі вучылася ў Багушэўскай СШ №1, вельмі любіла ма­ляваць. Таму пасля закан­чэння школы паступіла ў Віцебскі тэхналагічны тэхнікум і з задавальненнем вучылася там. Атрымаўшы спе­цы­яльнасць «мадэльер-кан­структар адзення», працавала тэхнолагам швейнай выт­вор­часці ва Ушацкім КБА. Дзя­куючы мудраму кі­раў­ніцтву дырэктара камбіната без асаблівых цяжкасцей спраў­лялася з працоўнымі аба­вязкамі, хаця калектыў КБА на той час налічваў 350 чалавек.

На кіраўнікоў шанцавала і пасля, калі праз 5 гадоў вярнулася ў родны Багушэўск. У мясцовым Доме быту працягваўся яе працоўны шлях. Цяпер жанчыне не сорамна азірнуцца назад. Як адзначаюць калегі і падначаленыя Марыі Рамальдаўны, ганаровае званне “Чалавек года” яна заслужыла бездакорнай шматгадовай працай, якой аддавала ўсю сябе. Сама ж гераіня нашага аповеду лічыць гэта званне дасягненнем усяго калектыву: “Не было б гэтых людзей, іх стваральнай, выніковай працы, і маю б не ацанілі так высока”.

 Асабліва хвалявалася, успамінае мая субяседніца, калі прапанавалі пасаду галоўнага інжынера. Быў час распаду СССР, так званай перабудовы. Многія прадпрыемствы бытавога абслугоўвання закрываліся. Была сведкай, як станкі выкідвалі цераз вокны, гаворыць Марыя Рамальдаўна. На парадку дня паўстала задача захавання вытворчасці і калектыву. У многім дзякуючы намаганням галоўнага інжынера Багушэўскі камбінат бытавога абслугоўвання застаўся на плыву. Каб забяспечыць швачак работай, дапамагалі прадпрыемству “Віцябчанка” – шылі курткі. Потым выраблялі чувякі па заказу з Чэлябінска…

 Сёння Багушэўскае КУПБА “Прэстыж” працуе без крэдытаў, створаны запас сыравіны. Да прадпрыемства далучылі Сенненскі КБА. Аб стабільнасці сведчыць і тое, што ў “Прэстыж” прыйшлі працаваць швачкі з вядомых прадпрыемстваў абласнога цэнтра.

 Аб’ём выпуску прадукцыі па прамысловасці за мінулы год склаў 2 млрд 678 млн рублёў (20% абласнога паказчыка), тэмп росту да 2010 года – 205%. Бытавых паслуг за мінулы год аказана на 652 млн 527 тыс. рублёў, тэмп росту – 202% (сярэдні па вобласці – 146,5%). Рэнтабельнасць продажаў склала 9,7%. Вырасла і зарплата. Цяпер у некаторых работнікаў яна вышэйшая, чым у галоўнага інжынера.

 Цвёрда ўстаў на ногі “Прэстыж” не з дапамогай нейкай чарадзейная палачкі. Мэтанакіраваную, планамерную работу па развіцці прадпрыемства вядуць яго дырэктар Аляксандр Ласянкоў, які ў 2009 годзе таксама атрымаў званне “Чалавек года Віцебшчыны”, і яго надзейны памочнік Марыя Балабоўка. Марыя Рамальдаўна пастаянна цікавіцца новымі тэхналогіямі, якія можна выкарыстаць на вытворчасці, таму своечасова набываецца новае, сучаснае абсталяванне. Адзінае ў вобласці Багушэўскае КУПБА захавала цэх масавага пашыву.

 Ініцыятыўная, энергічная, Балабоўка не лічыць сябе кабінетным работнікам. Заўсёды гатова дапамагчы і справай, і ведамі. Большую частку рабочага часу галоўны інжынер праводзіць ў цэхах. Вопытны кіраўнік добра ведае кожнага работніка, да кожнага знаходзіць індывідуальны падыход. І людзі плацяць ёй павагай і стараннем у рабоце.

 Як сапраўдны патрыёт свайго прадпрыемства, Марыя Балабоўка вырашыла стварыць музей, экспанаты якога будуць адлюстроўваць гісторыю станаўлення бытавога абслу­гоўвання ў Багушэўску. Гэта справа знаходзіцца яшчэ ў зародкавым стане, але займаецца ёю жанчына з цвёрдым намерам давесці да канца. Сабраны ўжо некаторыя старадаўнія прылады працы — прас, нажніцы, іншыя рэчы, якія шмат гадоў таму служылі бытавікам. Ёсць і памяшканне для будучага музея. Дапамагаюць у яго стварэнні   нераўнадушныя, зацікаўленыя людзі, такія, як ветэран вытворчасці, касір-прыёмшчык Таццяна Прыхожая.  Сваю лепту ў збор экспанатаў для будучага музея ўносяць былыя работнікі.

 Не пакідае мадэльер-канструктар і набытую калісьці спецыяльнасць.  У мінулым годзе “Прэстыж” прымаў удзел у абласным конкурсе мадэльераў-дызайнераў адзення “Модны сілуэт”. Калекцыя з ільну, якую сканструявала Марыя Рамальдаўна, зрабіла сапраўдны фурор. За ўдзел у конкурсе мадэльер атрымала Дыплом. А Багушэўскае КУПБА, калектыў якога з поспехам прадставіў калекцыю, заняло першае месца, хаця сярод сапернікаў былі і прадпрыемствы з абласнога цэнтра.

 Наогул, за час сваёй работы Марыя Балабоўка атрымала шмат узнагарод. Гэта былі граматы і ДА “Белбыт”, і Міністэрства гандлю, і абласнога ўпраўлення абслугоўвання, і абласнога выканаўчага камітэта. Не раз партрэт добрасумленнай працаўніцы змяшчаўся на Дошках гонару. Адзначана яе работа і ўзнагародай, якой адзначалі далёка не кожнага, — нагрудным знакам “Выдатнік бытавога абслугоўвання”.

 А ў вольны час, якога, праўда, не так і шмат, добрая гаспадыня і маці двух цудоўных дачок любіць займацца домам, агародам. Асабліва завіхаецца ля кветак. Садзіць іх гатова ўсюды. У адным з конкурсаў на лепшае падвор’е, якія штогод праводзіць Багушэўскі пасялковы савет, сядзіба Марыі Рамальдаўны і Генадзя Віктаравіча Балабоўкаў атрымала ганаровае найменне “Дом узорнага парадку”.   

 Яшчэ адно захапленне – кушнерства. Шмат шубак з натуральнага футра вырабіла майстрыха, нават з гаржэткамі, якімі ўжо мала хто і займаецца. Таму за гэтым эксклюзівам звяртаюцца менавіта да яе.

 Але, бадай, галоўная любоў карэннай жыхаркі гарадскога пасёлка – гэта яе родны Багушэўск. За час, што жыве і працуе тут, было шмат прывабных прапаноў пераехаць у Віцебск, у іншыя месцы на больш прэстыжную работу. Але не здра­дзіла малой радзіме і справе, якая, як высветлілася ў нашай гутарцы, з’яўляецца спадчыннай. Дзядуля Марыі Рамальдаўны быў калісьці дырэктарам Чашніцкага КБА. Закройшчыцай у Багушэўскім Доме быту працавала яе прабабка. Ёсць і прадаўжальнік дынастыі.  Старэйшая дачка Таццяна, атрымаўшы прафесію мадэльера-цырульніка, працуе стылістам.

Таццяна Буракова.