Сбором улиток на Сенненщине займутся предприниматели
Закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абыходжання з аб’ектамі расліннага свету» быў прыняты яшчэ 17 мая мінулага года. Аб некаторых асаблівасцях, што датычаць кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады мы гутарым з Аляксандрам Якубовічам, начальнікам Сенненскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— Аляксандр Васільевіч, у Сянно, ды і ў іншых населеных пунктах раёна нярэдка можна бачыць: выдалілі дрэвы, кусты — на іх месцы з’явіўся газон, яшчэ праз некаторы час — кветнік. Як гэтыя дзеянні стасуюцца з новай нарматыўна-прававой базай, якая рэгулюе дзеянні чалавека ў адносінах да прыроды?
— Заканадаўства не забараняе выдаленне ці перасадку аб’ектаў расліннага свету. Праўда, згодна з ч.2 арт.37 Закона «Аб раслінным свеце» кусты, дрэвы ў населеных пунктах высякаюцца толькі тады, калі іх немагчыма перасадзіць. Калі ж немагчыма пазбегнуць выдалення, прадугледжваюцца кампенсацыйныя выплаты ці пасадкі. Пры гэтым перавага аддаецца кампенсацыйным пасадкам. Зрэшты, выплаты таксама выкарыстоўваюцца дзеля гэтых мэт.
На выдаленне, перасадку аб’ектаў расліннага свету трэба атрымаць дазвол. Толькі ў асобных выпадках такі дазвол атрымоўваць не трэба.
— Хто ў раёне сочыць за выкананнем заканадаўства, якое рэгулюе абыходжанне чалавека з прыродай? Да каго трэба звяртацца за дазволам на выдаленне дрэваў? Нарэшце, якая роля належыць тут грамадскасці. У рэдакцыю, ды і да вас, у інспекцыю, нярэдка звяртаюцца людзі, не згодныя з дзеяннямі ўлад, юрыдычных асоб у прыроднай сферы…
— Звароты такія на самай справе ёсць, і нямала. Каб іх не было, перш чым вырашаць на камісіі, выдаляць ці не тое ці іншае дрэва, трэба забяспечыць правядзенне абмеркавання з грамадскасцю. Рашэнне камісіяй прымаецца толькі з улікам меркавання людзей.
— Грамадскасць іншы раз, пагадзіцеся, дзейнічае на падставе эмоцый. Улічваць толькі суб’ектыўныя меркаванні было б няправільна. Якая арганізацыя ўпаўнаважана праводзіць экспертызу ў сферы экалогіі? Да каго трэба звяртацца, калі дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане, калі, нарэшце, яго трэба абрэзаць, каб надаць больш эстэтычы выгляд.
— У райвыканкаме для гэтага створана спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, экалагічных арганізацый, райвыканкама. Але і гэтая камісія павінна ўлічваць меркаванне грамадскасці. Прызнаць дрэва аварыйным могуць толькі спецыялісты ў галіне азелянення ці лясной гаспадаркі.
— Узаемадзеянні чалавека з прыродай шматгранныя. Да таго ж, чалавек лічыць прыроду сваёй кладоўкай. Нарыхтоўка грыбоў, ягад, іншых дзікарослых раслін – што змянілася тут?
— За аснову ўзаемадзеяння юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць права на закупку, нарыхтоўку дзікарослых раслін ці іх частак, з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады бярэцца заяўны прынцып. Маеш права займацца нарыхтоўкай — займайся. А вось іншыя віды спецыяльнага карыстання (сенакашэнне, пасьба жывёлы, нарыхтоўка сокаў і інш.) здзяйсняюцца толькі на падставе рашэння райвыканкама і райсавета аб прадастаўленні права спецыяльнага карыстання аб’ектамі расліннага свету.
— Прыродныя рэсурсы — бязмежныя, бо яны аднаўляльныя пры разумнай эксплуатацыі. Хто вызначае ліміты на нарыхтоўку грыбоў, ягад, іншых дароў прыроды?
— Гэта прэрагатыва Мінпрыроды па ўзгадненні з НАН Беларусі. У тэрмін да 15 студзеня кожнага года пра аб’ёмы нарыхтоўкі паведамляецца юрыдычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам, якія плануюць займацца такой дзейнасцю. Паведамленне атрымліваюць і мясцовыя органы ўлады. Летась, напрыклад, райспажыўтаварыства нарыхтавала 16,2 тоны чарніц, 0,5 тоны грыбоў. Лясгас актыўна нарыхтоўваў бярозавы сок — 45 тон. Нарыхтоўкай дароў прыроды гэтыя арганізацыі будуць займацца і сёлета. Акрамя гэтага, жаданне весці нарыхтоўку вінаградных смаўжоў выказаў індывідуальны прадпрымальнік. Галоўнае тут не ўзяць лішняга, не нашкодзіць прыродзе.
Гутарыў Аляксандр ЛАЗЮК.