История Сенненщины в семейных фотоальбомах

2012 год для Сенненшчыны — юбілейны. Сёлета спаўняецца 570 гадоў з моманту першага  пісьмовага ўпамінання Сянно. З гэтай нагоды «раёнка» падрыхтавала для сваіх чытачоў шэраг цікавых рубрык і праектаў. Адзін з іх мы прэзентуем у гэтым нумары газеты. Старыя фотаздымкі — не самай лепшай якасці, але такія каштоўныя, бо на іх адлюстравалася тое, чаго сёння ўвачавідкі не ўбачыць. Імгненне, падуладнае аб’ектыву фотаапарата, спынілася і зрабіла нятленнымі падзеі, будынкі, краявіды, людзей, якіх, магчыма, ужо няма на свеце, бо яны захаваліся ў вашых сямейных фотаархівах.  кадры 20, 30, 50-гадовай даўніны, а мо і яшчэ ранейшыя — яны не проста частка сямейнага летапісу, а гісторыя Сенненшчыны, якую мы, нашчадкі, павінны ведаць і перадаваць наступным пакаленням. «Раёнка» прапануе вам зрабіць невялікі фотаэкскурс у мінулае. І да ўвагі — наш першы фотаздымак.

  Магчыма, у кагосьці таксама ёсць свае ўспаміны, звязаныя з гэтым часам, домам ці свае фотагісторыі. Мы чакаем ад вас лістоў са старымі фотаздымкамі і аповедамі, прысвечанымі сенненскім мясцінам і сенненцам. Дасылаць можна на адрас рэдакцыі: 211120, г.Сянно, вуліца Чкалава 4а, ці на электронную скрыню: senno_red@tut.by.

Маладая вясна 1954-га

Чаму  маладая пара абрала для сябе такі фон — сказаць ужо ніхто не зможа. Ён і яна сышлі ў вечнасць, пакінуўшы на грэшнай зямлі дзяцей, унукаў, праўнукаў. Але пажоўклы фотаздымак захаваў іх шчаслівую вясну 1954 года, дзе яны 25-гадовыя і закаханыя — Пётр і Вольга Прыстаўкі. Не больш за месяц мінула з дня рэгістрацыі іх шлюбу, і гэта адзін з першых здымкаў маладой сям’і.

 Жывучы на кватэры, маладая пара штодзень па дарозе на працу мінала гэты дом і, магчыма, звязвала з ім свае мары пра асабісты куточак. Будынак на заднім плане сёння таксама ўжо гісторыя. Пабудаваны ажно ў 1894 годзе дом Клаза (як яго называлі) доўгі час быў самым старым жылым збудаваннем у Сянно. Некалі належыў багатай сям’і. Сёння на тым месцы, дзе ён стаяў, растуць дрэўцы, бо будынак некалькі гадоў назад згарэў.

 Франтаваты юнак і яго сяброўка ў вытанчаных туфліках і какетлівым капелюшы сціпла, з нейкай дзіцячай сарамлівасцю, глядзяць у аб’ектыў. Яны вераць, што наперадзе іх чакае шчаслівая будучыня, бо ўсё страшнае ўжо мінула.

 Абое ўраджэнцы Сенненшчыны. Пётр — з Александрова, Вольга — з Вялікага Азярэцка. Вучыліся ў адным горадзе — Гродне. І нават спецыяльнасці выбралі блізкія: ён скончыў гандлёвую школу, яна — гандлёвы тэхнікум. А пазнаёміла іх і пасябравала Сянно, куды маладыя спецыялісты прыехалі па накіраванні. Абое маглі выбраць вялікія гарады. Яе, выдатніцу, якая ў сваім жыцці ніводнага разу нават чацвёркі не атрымала, без іспытаў залічылі ў Маскоўскі кааператыўны інстытут. Ды і ён са сваім амаль чырвоным дыпломам мог падацца  ў той жа Мінск. Але вярнуліся на малую радзіму. Раскошы жыць для сябе ні той, ні другі дазволіць не маглі. Хутчэй на свой хлеб, каб дапамагчы родным.

 Лёсы іх сямей таксама падобныя.  Вользін бацька, Воранаў Сцяпан Пятровіч, ваяваў, загінуў у 1944-м і пахаваны на літоўскай зямлі. Яго жонка  Анастасія Васільеўна засталася з 9 дзецьмі. Пяцёра з іх яна пахавала за вайну. Бацька Пятра, Прыстаўка Якаў Герасімавіч — селянін, рамеснік, чые драўляныя лыжкі і іншыя вырабы карысталіся попытам на сенненскіх кірмашах, па даносу быў арыштаваны і сасланы на Салаўкі. З ГУЛАГа ён так і не вярнуўся. Маці Алена Апанасаўна адна выхоўвала шасцярых. У Вялікую Айчынную старэйшыя браты Пятра пайшлі ваяваць. Уладзімір даслужыўся ад радавога да капітана. Фёдар у 16 гадоў стаў разведчыкам, узнагароджаны двумя ордэнамі Славы. Пасля вайны пражылі нядоўга, памёрлі ад ран.

  Яму і ёй ваяваць не давялося, але хапіла і таго, што зведалі ў акупацыю і галоднае пасляваеннае юнацтва. Аднак гісторыя ўсё ж не пра вайну, а пра любоў.

 1953 год. Яна — камсамольская актывістка, член райкама камсамола, арганізатар многіх мерапрыемстваў у раёне. На адным з іх і адбылося знаёмства. Непрыкметнага юнака, які сціпла стаяў убаку па той простай прычыне, што толькі-толькі прыехаў у раён і яшчэ нікога не ведаў, яна заўважыла  і запрасіла на танец. Потым  разам рупіліся ў райспажыўтаварыстве. Праз паўгода спатканняў 9 лютага 1954 года яны зарэгістравалі шлюб. 

 У хуткім часе абзавяліся ўласным жыллём, гаспадаркай, нарадзілі дзетак — дзвюх дачушак. Непрыкметна прайшлі  сумесныя, амаль што 50, год. Было ўсё: і радасць, і слёзы, і шчасце, і крыўды. Як, дарэчы, і ў большасці сем’яў. Усё сваё жыццё яны шчыра і самааддана працавалі. Яна 17 гадоў рупілася галоўным бухгалтарам у райспажыўтаварыстве, затым — у райфінаддзеле. Для многіх сваіх маладых калег была дасведчаным настаўнікам і дарадцам, неаднаразова ўганаравана міністэрствам фінансаў тагачаснай БССР. Ён узначальваў буйнейшыя ў раёне гадлёвыя ўстановы. З усіх пасад яны толькі і нажылі невялічкі дамок, які выдзеліла арганізацыя на досвітку іх сямейнага жыцця, ды мноства падзяк і грамат. Бо на першае месца ў працы заўсёды ставілі сумленнасць і дабрабыт радзімы, а не кар’еру ды асабісты кашалёк.

 І свой апошні спачын яны знайшлі тут, на роднай сенненскай зямлі. Але не сышлі ў нябыт. Часцінка іх засталася ў нашчадках. Некаторыя з іх не пакінулі сваю бацькаўшчыну, а жывуць сёння і працуюць на Сенненшчыне, у тым ліку і я — іх унучка.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.