Между ними 30 лет разницы и одна любовь
Гледзячы на Вольгу і Аляксандра Когаль, не адразу здагадаешся, што гэта муж і жонка. Толькі пярсцёнкі на правых безыменных пальцах ды невялічкі хлапчук, якога яны вядуць за руку, падказваюць, што перад вамі сям’я. Не пужае маладую пару розніца ва ўзросце ў 30 год. Яны не звяртаюць увагі на перасуды за спінамі, прыдзірлівыя погляды. Смела ідуць наперад. І толькі ўсміхаюцца тым, хто не разумее, што можа быць агульнага ў дваццаці двух гадовай дзяўчыны і мужчыны, якому крыху за пяцьдзясят.
Яна
Вольга заўжды была ціхоняй. Школьныя сяброўкі і настаўнікі не памятаюць, каб яна першай цягнула руку і прасілася адказваць на ўроках. Заўжды сядзела маўклівая. Не любіла шумныя кампаніі, не хадзіла па дыскатэках. Больш падабалася дзяўчыне рукадзелле. Гадзінамі яна праседжвала за вышываннем. Стварала цудоўныя карціны, на якіх ляталі анёлы, распускаліся ружы, уздымаліся над азёрамі велічныя замкі. Любоў да гэтай справы прывіла родная цётка Люба, якая шчыра дзялілася сакрэтамі майстэрства. У вёсцы пра Вольгу гаварылі, што яна своеасаблівая, «не от мира сего».
Калі ў руках быў атэстат аб сярэдняй адукацыі, дзяўчына ўладкавалася на працу на машканскі свінакомплекс. Не было вялікай цягі да навукі. Маці пярэчыць не стала. І Вольга пайшла на свой хлеб.
Днямі рупілася на вытворчасці, а вечарамі брала ў рукі пяльцы і іголку, толькі час ад часу выходзіла на прагулку з нешматлікімі сяброўкамі.
Ён
Аляксандр з дзяцінства цягнуўся да тэхнікі. Сабраць трактар сваімі рукамі, адрамантаваць матацыкл ці мапед для яго ніколі не было праблемай. Свой працоўны шлях пачынаў з механізатара ў мясцовай гаспадарцы. Пасля вырашыў паспрабаваць гарадскога жыцця і пераехаў у Віцебск. Спадзяваўся стварыць сям’ю. Хацелася, каб нарадзіліся дзеці. Але асабістае жыццё не складвалася. Жанчыны, з якімі зводзіў лёс, адмаўляліся станавіцца матулямі. Сям’я без дзяцей — гэта не сям’я, думалася Аляксандру, і ён зноў заставаўся адзін.
Неўзабаве прайшло сямнаццаць год. Увесь гэты час ён працаваў на керамічным заводзе. Жыў у пакойчыку інтэрната, які атрымаў ад работы. На выхадныя ездзіў да маці ў вёску, дапамагаў апрацоўваць агарод, даглядаць дом. Калі бацькоў не стала, пакрысе пачаў наводзіць парадак на сядзібе. Зрабіў невялікі рамонт, паставіў новую агароджу.
І вось аднойчы, майструючы нешта на падворку, Аляксандр заўважыў Вольгу. Маладая, прыгожая, з прыемнай усмешкай на твары дзяўчына ішла па вуліцы. Завязалася гутарка, потым адбылося першае спатканне. Дзень за днём яны ўсё болей цягнуліся адзін да аднаго. Пакуль аднойчы яе маці не завітала ў госці да «жаніха».
Хацела пасароміць мужчыну, што той заляцаецца да дзяўчыны, якая яму ў дочкі вартая. А той, доўга не раздумваючы, папрасіў у Веры Васільеўны рукі Вольгі. «Не думайце, што ўсё гэта проста так. Я ажаніца на вашай дачцэ хачу», — выпаліў ён.
Яны
Праз некалькі месяцаў Вольга і Аляксандр сталі мужам і жонкай. Абмяняліся пярсцёнкамі ў адным з віцебскіх ЗАГСаў. Шумнага вяселля не ладзілі. Сабралі за сталом родных, сваякоў і адзначылі стварэнне новай сям’і.
Аляксандр перавёз жонку ў абласны цэнтр. Яна днямі сядзела ў невялічкім пакойчыку інтэрната, чакала, пакуль каханы верніцца з працы і з кожным днём усё болей хацела дадому. Неяк само па сабе прыйшло рашэнне вярнуцца ў Машканы. Гарадское жыццё аказалася не па Вользе. Яна ўжо чакала дзіця і хацела выхоўваць яго на свежым паветры, а не ў душным і шумным горадзе.
Сваё сямейнае гняздзечка маладыя звілі ў бацькоўскай хаце Аляксандра. Давялі да ладу дом, набылі новую мэблю. Мужчына ўладкаваўся на працу аператарам газавай кацельні ў Машканскага ўчастка РУП ЖКГ. Вольга, пасля дэкрэтнага адпачынку, зноў вярнулася на свінакомплекс. Прайшло чатыры гады іх сумеснага жыцця.
Выхоўваць сына дапамагае бабуля Вера Васільеўна: і з дзіцячага садка забярэ ўнука, і дапаможа па гаспадарцы, калі ёсць патрэба. «Дачка рана выйшла замуж — не зусім была падрыхтаваная да сямейнага жыцця». Бывала, што жаночыя абавязкі браў на сябе Аляксандр, дапамагаў Вользе.
Але імкненне рабіць усё разам у Когаляў ёсць. Ідзе муж агарод араць — жонка побач. Удваіх рабілі кветнікі перад домам. Летам рыхтавалі сена на продаж. Самі хатнюю жывёлу заводзіць не спяшаюцца. Акрамя ката ды сабакі — жыўнасці ніякай. «Жыццё, магчыма, яшчэ прымусіць набыць парсючка ды курачак. Зарплаты невялікія, а трэба сына на ногі ўзнімаць,» — гаворыць Аляксандр.
Ёсць у гаспадарцы трактар, які мужчына сабраў сваімі рукамі. Гэта добры памочнік для маладой сям’і. Нядаўна набылі мапед, які з’яўляецца галоўным транспартным сродкам. Летам на ім і ў Віцебск ездзяць.
Розніца ва ўзросце дае пра сябе ведаць, не хаваюць гэтага Вольга і Аляксандр. Бываюць цяжкасці, але з імі закаханыя спраўляюцца. Мужчына разумее, што маладой жонцы хочацца добра апранацца, насіць упрыгажэнні, таму і робіць ёй прыемныя падарункі: то ланцужок залаты, то вопратку новую. Не застаецца ў даўгу і яна. Пакіне раніцай на стале мужу паштовачку з цёплымі словамі пра каханне, ці вышые карціну для яго. Гэткія прыемныя знакі ўвагі можна знайсці ў кожным куточку хаты. І пра кожны з іх Вольга і Аляксандр кажуць з цеплынёй, памятаюць іх гісторыі і дзень, калі атрымалі.
Пакуль ты здольны на розныя глупствы, пакуль хочаш і робіш сюрпрызы сваім каханым і застаешся рамантыкам — ты жывеш і пра старасць нават не думаецца. «Ды і калі тут старэць побач з маладой жонкай, — абдымаючы Вольгу, з усмешкай кажа Аляксандр.
Кацярына КАРПОВІЧ.
На здымку: Вольга і Аляксандр з сынам Сяргеем.