Фоторепортаж: Зима на Сенненщине — это время активного отдыха

Вольны час можна правесці не толькі на канапе перад тэлевізарам, а весела і з карысцю для свайго здароўя. Трэба проста прыйсці ў Парк 40-годдзя Перамогі (Сінаі), дзе можна ўзяць напракат лыжы, пакатацца з горкі на плёнцы альбо на санках. Такі адпачынак спадабаецца не толькі вам, але і вашым дзецям. Уражанняў хопіць усім!

Сям’я Касьянавых з Сянно адпачывае так кожныя выхадныя. З якім задавальненнем Уладзіслава (на здымку) «прызямлілася» з горкі ў снег! Назіраюць за ўнучкай бабуля з дзядулем, якія і самі не супраць праехаць разам.

Калі ж вам не даспадобы такі  адпачынак, то можаце, прайсціся па парку, палюбавацца  прыгажосцю зімовага лесу,  падыхаць свежым марозным паветрам. Неблагая  гармонія для душы і цела!

А вось для жадаючых  выканаць элементы фігурнага катання або гуртам пагуляць у хакей   працуе каток па вуліцы Перамогі. Тут вам таксама прапануюць за невялікі кошт пракат канькоў. Не  камплексуйце, калі вы ніколі не стаялі на іх— на лёдзе ёсць людзі, якія таксама  выглядаюць нязграбна, вучацца стаяць на каньках. Ёсць і больш вопытныя, якія з немалой хуткасцю праносяцца побач. Але месца хопіць усім аматарам здаровага ладу жыцця: дзецям, моладзі, сталым.

Прыхільнікаў канькоў шмат, а вось лыжаў — не вельмі. Усяго  за мінулыя выхадныя, па словах супрацоўнікаў аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, за пракат канькоў выручылі  каля 600 тыс. рублёў і 200 тыс.рублёў — за лыжы.

Каб актыўны адпачынак сапраўды быў на карысць здароўю, трэба засцерагацца ад маразоў, якія «зваліліся» на нашу краіну і спрыяюць абмарожванню скуры  і канечнасцей. Неабходна  цёпла апранацца, карыстацца спецыяльнымі касметычнымі сродкамі і нядоўга знаходзіцца на вуліцы. Урачы раяць патурбавацца і пра вочы, для якіх яркае сонечнае святло і яго бляск на снезе дрэнна ўплываюць на зрок. Не саромейцеся надзець і сонцаахоўныя акуляры.

Прыемных вам выхадных!

Ірына ГАРБАЧОВА.