В Сенно прошёл лыжный масстарт

У рамках рэспубліканскага свята «Беларуская лыжня-2012» у Сянно, у парку 40-годдзя Перамогі, прайшлі лыжныя гонкі. Арганізавалі і правялі іх аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і Сенненская СДЮШАР.

Удзельнікамі спаборніцтваў былі каманды школ раёна і працоўных калектываў, а таксама госці — юныя лыжнікі і біятланісты Віцебскай ДЮСШ, бо дзеці ўдзельнічалі яшчэ і ў «Навагодняй лыжнай гонцы». Звычайна яна праводзіцца напярэдадні Новага года ці ў першы навагодні тыдзень. Але сёлета надвор’е ў спартыўныя старты ўнесла істотныя карэктывы.

Адсутнасць снегу на працягу снежня і ў першай палове студзеня адбілася і на складзе каманд. Большасць з тых, што на «Беларускай лыжні-2012» прадстаўлялі працоўныя калектывы (за вы­ключэннем ДЛГУ «Багушэўскі лясгас»), былі ўкамплектаваны не поўнасцю.

«Не зразумелы для мяне падыход да масавых стартаў. Асабліва, калі ўлічыць, што ў ДЭУ-38, ПС «Сянно», РУЭС і іншых арганізацыях не толькі маюць неабходны спартыўны інвентар, але і моцных спартсменаў, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у ведамасных спаборніцтвах», — не хаваў свайго абурэння Аляксандр Гардзецкі, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. У выніку месцы сярод каманд, што прадстаўлялі працоўныя калектывы, раз­мер­каваліся наступным чынам: лясгас, ПМС, ДРБУ-146. Іх прадстаўнікі даміні­равалі і ў індывідуальным заліку: сярод лыжнікаў узростам старэй 50 гадоў — Ігар Аверчанка (лясгас) і Уладзімір Станкевіч (АСВОД); 40-49 — Анатоль Шлык (ПМС); 30-39 — Аляксандр Баркавец (РАНС); 18-29 — Павел Пясецкі (аграгарадок Белая Ліпа).

Школьныя лыжнікі былі прадстаўлены больш масава. І стартавалі яны індывідуальна. А таму і барацьба на лыжні была больш упартай. Сярод прадстаўнікоў раёна  2001 года нараджэння лепшыя вынікі паказалі Вольга Мядзведзева і Раман Мацкевіч. Сярод народжаных у 1999-2000 гадах пра сябе заявілі Максім Дзям’янаў і Арцём Машкоўскі, Вікторыя Карчэўская і Анастасія Мацкевіч.  У самай старэйшай узроставай групе (1997-1998 г.н), дзе выступалі толькі хлопчыкі, вызначыліся Мікіта Аксёнаў і Пётр Труханенка.

Арганізатары турніру спадзяюцца, што за першым стартам наступяць іншыя. І праявіць сябе змогуць як дарослыя аматары-лыжнікі, так і дзеці.

Л.ІЎЕЎ.