На Сенненшчыне адзначуць 100-годдзе Максіма Танка
«Кнігі валодаюць здольнасцю бяссмерця. Яны самыя даўгавечныя сляды чалавечай дзейнасці», — сцвярджаў у ХVІІ стагоддзі шатландскі пісьменнік і рэфарматар С.Смайлс.
Наша камп’ютарна-электронная сучаснасць не змагла абвергнуць гэта сцвярджэнне. І сёння кніга жыве, яе любяць, ёю цікавяцца. Нездарма ў нашай краіне сёлетні год аб’яўлены годам кнігі. На 2012-ты прыходзіцца шмат юбілейных дат з дня нараджэння знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
У прыватнасці, сёлета будзе адзначацца і 100-годдзе з дня нараджэння аднаго з класікаў беларускай літаратуры Максіма Танка. Да юбілею ва ўстановах цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы пройдзе шэраг мерапрыемстваў.
Сенненская ЦРБ і Багушэўская гарпасялковая бібліятэка рыхтуюць літаратурныя кампазіцыі «У спадчыну — добрае слова». На паэтычны калейдаскоп «Пра нашу Радзіму праўдзівая песня» запросіць сваіх чытачоў Обальская бібліятэка. У Пламенскай прыхільнікі творчасці паэта сабяруцца на літаратурную вечарыну «Паэзія, як хлеб надзённы». Літаратурную вандроўку “Талент і лёс” па творчасці М.Танка правядуць ва Ульянавіцкай бібліятэцы. Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю класіка беларускай літаратуры, пройдуць і ў іншых вясковых храмах кнігі.
На працягу года ў бібліятэках раёна будуць працаваць кніжныя выставы, прысвечаныя М.Танку. Школьнікі змогуць карыстацца падборкамі літаратуры для вывучэння жыцця і творчасці знакамітага паэта.
Таццяна Буракова.