«Спилили нашу ёлочку под самый корешок…» Чем помешали хвойные красавицы сенненским строителям?

  Побач з адміністрацыйным будынкам ПМК-64 зусім нядаўна красаваліся дзевяць прыгожых елак. Сёння аб дрэўцах нагадваюць толькі пні. Кіраўніцтва УП вырашыла зрабіць «добраўпарадкаванне» і «спилило наши ёлочки под самый корешок».

 Пра гэта жыхары суседніх з прадпрыемствам дамоў, якія не маглі глядзець на ўсё  праз пальцы, паведамілі супрацоўнікам рэдакцыі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама напісалі калектыўнае пісьмо на імя дэпутата райсавета па выбарчаму ўчастку № 7 —  Васіля Ступаневіча. Вось вытрымкі з яго:

 «…Помогите прекратить варварство, которое творит А.И. Близнюк. Он намеренно уничтожает деревья, которые были высажены предыдущими руководителями. Скоро уже ничего не останется… Он повырубает и уедет куда-нибудь, а нам здесь жить… 

 Жильцы домов 140, 142, 136

(8 подписей)».

 Хто вінаваты і што рабіць?

 — З дзевяці высечаных дрэўцаў, толькі тры былі хворыя. Іх сапраўды неабходна было спілаваць. Але навошта знішчаць астатнія? — са здзіўленнем гаворыць начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Якубовіч. — Прычым зрабілі гэта самавольна. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25.10.2011 №1426, каб знішчыць дрэва, куст і, нават, газон у населеным пункце, неабходна аформіць шэраг дакументаў. Перш-наперш, атрымаць дазвол у мясцовым выканаўчым камітэце. Пасля чаго камісія па разгляду, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі аддзела архітэктуры, інспекцыі прыродных рэсурсаў, спецыялісты, што  адказваюць за азеляненне, разглядае пытанне.

 У заяве павінна ўказвацца прычына, па якой грамадзянін, кіраўнік арганізацыі, прадпрыемства лічыць неабходным знішчыць ці перасадзіць дрэва. Калі яно старое і стварае небяспеку для людзей ці будынкаў, неабходна прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць гэты факт.

 Больш таго,  адказным асобам трэба ведаць: спілаваць здаровае дрэва можна толькі ў тым выпадку, калі грамадства не супраць. Таму і дырэктар ПМК-64 Аляксандр Блізнюк павінен быў склікаць жыхароў суседніх дамоў і ўлічыць іх меркаванні. Рабіць гэта не трэба толькі тады, калі дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане, што пацверджана дакументальна.  Раней гэтага пункта ў законе не было і грамадская думка не ўлічвалася. Але ж няведанне закона не вызваляе ад адказнасці, — тлумачыць Аляксандр Якубовіч.

 Мараль той байкі наступная…

  Елкі спілавалі. Вярнуць іх на месца ўжо немагчыма. Пасадзіць новыя? Можна! Толькі гэта не дапаможа людзям, якія ўсё жыццё назіралі за дрэвамі, памятаюць, як іх садзілі, як яны набіраліся моцы. У кагосьці з ляснымі прыгажунямі звязана шмат прыемных успамінаў. Нечыя сваякі ці знаёмыя калісьці саджалі іх, хтосьці любіў у летнюю спёку адпачыць у ценю.

 Няўжо ніхто з адказных асоб, якія самавольна знішчылі дзевяць елак, не панясе адказнасць? Часам, чалавек каля сваёй хаты спілоўвае старое дрэва — і яго за гэта штрафуюць. А тут, у райцэнтры, на вачах соцень людзей знішчаюць здаровыя елкі. Магчыма, у кіраўніка ПМК-64 ёсць іншыя погляды на гэтую сітуацыю. Мы запрашаем яго да абмеркавання праблемы.

 Па словах супрацоўнікаў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кіраўніцтва прадпрыемства будзе  прыцягнута да адмі­ністрацыйнай адказнасці. Акрамя таго, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 ліпеня 2008 года №348 «О таксах для определения размера возмещения вреда, причинённого окружающей среде» віноўным прыйдзецца заплаціць штраф у памеры ад 10 да 12 базавых велічынь за адно спілаванае дрэўца.

 Чым скончыцца гэта гісторыя — пакажа час. Мы з вамі, паважаныя чытачы, будзем пільна сачыць за яе развіццём.

 Кацярына КАРПОВІЧ.