СЕННЕНСКИЕ ДОРОГИ ЗАВОЁВЫВАЮТ АВТОЛЕДИ.

На адным з інтэрнэт-сайтаў аднойчы прачытала іранічнае выказванне наконт слабага полу за рулём машыны:  «Жанчыну за рулём «Таврии» — шкада, жанчыне за рулём «Москвича» — хочацца дапамагчы, прыгажуня ў «БМВ» — насцярожвае, асобай у «Ка» — мужчыны любуюцца, ад жанчыны ў «Волге»— лепш трымацца на адлегласці,  а з тымі, хто ездзіць на ВАЗаўскіх аўто — хочацца пазнаёміцца і ўзяць над імі шэфства».

 

  Мужчынская палова аўтааматараў да факта ваджэння жанчынамі машын адносіцца неадназначна. Адны катэгарычна супраць, іншыя не пярэчаць, каб у іх жонак ці сябровак было вадзіцельскае пасведчанне (мала што можа здарыцца). Адстойваць жаночы пол ў дадзеным пытанні не буду. Да жанчыны за рулём адношуся станоўча толькі ў тым выпадку, калі гэта сапраўды апраўдана яе патрэбамі. 

  У 80-90-х гадах жанчына за рулём глядзелася вельмі экзатычна. У асноўным машыны былі ў заможных асоб, якія займаліся гандлем. Дакладней сказаць, трымалі гандлёвыя кропкі. А гэта, самі разумееце, — розныя раз’езды за таварам, яго дастаўка. І тут ужо без асабістага аўто ну ні як не абысціся.

 І калі раней ледзі  за рулём была рэдкай з’явай, то сёння яна не выклікае празмернага здзіўлення і ўвагі мужчын: іх можна ўбачыць прыкладна ў кожнай пятай машыне. Ды ў якой! Ды і якая там будзе сядзець жанчына! Ого! Для большай паловы жанчын аўтамабіль сёння сябар, памочнік, свабода, камфорт. А таксама, што немалаважна, магчымасць самавыяўлення, стварэння іміджу.

 Вопытная аўталедзі за рулём — не толькі прыгожа, але і надзейна.  Па статыстыцы  за 10 месяцаў бягучага года на тэрыторыі раёна не зафіксавана ніводнага ДТЗ па іх віне. Ужо гэты факт гаворыць пра высокую адказнасць жанчыны-вадзіцеля.   «Правільнаму ўспрыманню жанчын за рулём перашкаджае стэрэатып, быццам бы слабы пол водзіць машыну горш за мужчын, — гаворыць Віктар Наваковіч, начальнік АДАІ Сенненскага РАУС. — Але гэта памылковае меркаванне. Жанчыны менш агрэсіўныя і больш уважлівыя ва-дзіцелі. Яны прытрымліваюцца правіл дарожнага руху і практычна ніколі не садзяцца за руль у стане алкагольнага ап’янення. Не ліхачаць, каб не справакаваць аварыйную сітуацыю на дарозе. Так, прадстаўніцам прыгожага полу складаней даецца ваджэнне, але, калі яны становяцца вопытнымі вадзіцелямі, то адчуваюць сябе за рулём дастаткова ўпэўнена і спакойна».

 Не па чутках ведаю, што жанчыны-вадзіцелі больш прадбачлівыя, чым мужчыны. Мая сяброўка ніколі не сядзе за руль, калі не будзе ўпэўнена, што з машынай усё ў парадку. І калі нават што-небудзь  не адпавядае норме, але па гэтай няспраўнасці можна ехаць, яна лепш пешшу пойдзе, чым адважыцца завесці машыну.

 Ці можа жанчына за рулём быць праблемай на дарозе? Большая частка мужчын-вадзіцеляў вылучае «жаночы стыль ваджэння». Прычым, мужчын гэта вельмі раздражняе. Адной з галоўных асаблівасцей такога стылю яны называюць празмерную асцярожнасць аўталедзі. «Жанчыны не маюць нават уяўлення пра «внутреннюю жизнь» аўтамабіля», — можна пачуць ад мужчын. Вось тут я паспрачаюся: ну і што, не важна, для гэтага існуюць спецыяльныя сэрвісы, дзе і дапамогуць. Жаночая паркоўка выклікае смех у мужчын. І з гэтым не згодна: з такой праб­лемай сутыкаюцца ўсе навічкі.

 Ёсць  жанчыны, якія кіруюць аўтамабілямі на ўзроўні мужчын і нават лепш.  Жанчыны і мужчыны адрозніваюцца паміж сабой толькі ў псіхалагічным плане. На дарозе мужчына , як і ў жыцці, больш схільны да рызыкі, жанчына — сама асцярожнасць.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.