ОБЩЕСТВЕННЫЕ ПУНКТЫ ОХРАНЫ ПОРЯДКА ПОМОГАЮТ СЕННЕНЦАМ СОЙТИ С КРИВОЙ ДОРОЖКИ.

У Багушэўску прайшло пазапланавае пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку, што дзейнічае пры выканкаме пасялковага Савета дэпутатаў. Удзел у яго рабоце прынялі не толькі багушэўцы. На пасяджэнне з Сянно прыехалі Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама — яна ўзначальвае такую ж структуру пры райвыканкаме, Уладзімір Рудзянкоў, пракурор раёна, Міхаіл Архіпаў, начальнік РАУС; з Віцебска — Аляксандр Чадзюк, намеснік пракурора вобласці. Такая ўвага да работы грамадскага пункта аховы правапарадку пры Багушэўскім пасСавеце тлумачыцца вельмі проста — яна дае плён. У пасёлку зменшылася колькасць беспрацоўных і непрацуючых, аба­вязаных асоб, сямейных дэбашыраў. Нават крадзяжоў стала менш.

 Па стану на 1 студзеня 2009 года ў Багушэўску налічвалася 107 непрацуючых асоб, на пачатак 2011 года — 18.

 За адзінаццаць месяцаў бягучага года працаўладкавана 10 багушэўцаў, двое накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, яшчэ на двух падрыхтаваны неабходныя дакументы, па ўласнай ініцыятыве закадзіравалася ад згубнай звычкі тры чалавекі. Выяўлена сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-набяспечным становішчы — 3, уладкавана канфліктаў — 13. Афіцыйныя папярэджанні аб магчымых мерах уздзеяння атрымалі 36 чалавек.

  — Менш іх у параўнанні з мінулым годам і па вобласці, але колькасць злачынстваў карыслівага характару расце з месяца ў месяц. А значыць працаваць з людзьмі, схільнымі да крадзяжоў і тымі, якія могуць пайсці на злачынства, бо аказаліся без працы, злоўжываюць алкаголем, трэба больш настойліва, — падкрэсліў перад пачаткам работы грамадскага пункту аховы правапарадку Аляксандр Чадзюк. — Трэба прапаноўваць ім рэальны выхад з сітуацыі: месца працы, лячэнне ці кадзіраванне ад заганнай звычкі.

 У Сяргея С. ёсць праца. Аб ім добра адзываюцца калегі, кіраўніцтва прадпрыемства, але выглядае малады мужчына старэй свайго ўзросту, на чацвёртым дзесятку жыцця не мае сям’і. А за апошнія некалькі месяцаў двойчы затрымліваўся ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. І гэты факт не застаўся па-за ўвагай членаў грамадскага пункта.

 — Звярніце на яго ўвагу, заахвочвайце да ўдзелу ў калектыўных справах, — рэкамендавала Зоя Фаміна прадстаўніку прадпрыемства, дзе працуе Сяргей С.

 Мікалая І. на пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку запрашаюць не першы раз, бо алкагольныя напіткі мужчына ўжывае сістэматычна. А калі возьме лішнюю чарку, у сям’і —  сваркі. Дайшло да таго, што рыхтуюцца дакументы, каб накіраваць Мікалая ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

 — Вы спрабавалі кадзіравацца? — пацікавіўся Аляксандр Чадзюк. — Дапамога невялікая. Але, калі чалавек цвёрда вырашыў пазбавіцца ад заганнай звычкі, варта паспрабаваць, — дадаў ён.

 Мікалай не супраць прайсці лячэнне ў нарколага. Мужчына разумее, чым можа скончыцца «сяброўства» з «зялёным зміем». Да змен у жыцці яго падштурхоўваюць дзеці, што для Мікалая з’яўляецца дадатковым стымулам рашыцца на кардынальны крок, дае падставу для спадзявання, сілы, каб  пазбавіцца ад алкагалізму.

 Віктар З. — сірата, зна­ходзіц­ца пад наглядам міліцыі. Ён мае працу і хоча працаваць. Галоўная праблема хлопца — адсутнасць жылля. І тут улады абавязаны яму дапамагчы.

 Размова з людзьмі, якіх запрасілі на пасяджэнне грамадскага пункта прафілактыкі, нярэдка мяняе танальнасць: з пагрозліва-афіцыйнай, на, па-чалавечы, шчырую і даверлівую. Сярод членаў грамадскага пункта прафілактыкі правапарадку настаўнікі, медыкі  —  бугушэўцы, якія добра ведаюць усіх запрошаных, іх родзічаў. Адрозніваюцца адзін ад аднаго і тыя, што стаяць на супрацьлеглым баку стала: па ўзросту, сацыяльнаму статусу, стаўленню да жыцця.

 Іван П. — пенсіянер, у якога ёсць праўнукі. У мінулым яго ведаюць у Багушэўску як высокакваліфікаванага спецыяліста, чые працоўныя навыкі, вопыт могуць быць запатрабаваны і сёння. Пётр І. у 40 гадоў паразітуе за кошт бацькавай пенсіі. Ірына Д. — абавязаная асоба. У маладой жанчыны забралі трох дзяцей. Але яна не толькі ўхіляецца ад працы, каб канпенсаваць дзяржаве затраты на іх утрыманне, нават не ведае, дзе дзеці, што з імі. Не пазайздросціш лёсу Наталлі Р. Жанчына ўсё жыццё правяла ў турме. У яе няма пашпарта, няма працы. Яна жыве, дзякуючы чалавечай спагадзе.

 — Кінуць яе без апекі нельга — прападзе, —  робіць вывад Аляксандр Чадзюк. — Такія асобы безабаронныя на волі, бо прывыклі жыць па камандзе. Дапамажыце ёй атрымаць пашпарт, працаўладкавацца. І, магчыма, мы выратуем чалавека.

 Грамадскія пункты аховы правапарадку, што працуюць пры выканкамах саветаў, надзелены шырокім колам паўнамоцтваў. Але галоўная іх задача дапамагчы такім вось людзям, каардынацыя дзеянняў, структур, якія працуюць дзеля прафілактыкі злачынстваў і падтрымання правапарадку.

Аляксандр ЛАЗЮК.