ЧАБАН ИЗ АЛЕКСАНДРОВА МЕЧТАЕТ ВОЗРОДИТЬ ОВЦЕВОДСТВО НА СЕННЕНЩИНЕ.
Овцы и бараны – сегодня редкие гости на сенненских подворьях. Более привычные для нас коровы, свиньи, куры… И зря, уверен житель деревни Александрова Сенненского района Николай Приставко. Баранина – это не только полезное мясо, но и ценное сырьё в виде шерсти, кожи. Овчинка выделки стоит. Только вот этого почему-то не видят в Беларуси.
“Авечка – вакол чалавечка”, — мая бабуля часта карысталася гэтай прымаўкай, бо калісьці авечак трымалі фактычна на кожным сялянскім падворку. Для сям’і яны былі крыніцай мяса і воўны. Цёплыя сялянскія кажухі, валёнкі, шарсцяныя вырабы сагравалі нават у самыя марозныя дні, а авечы тлушч дапамагаў ад прастудных захворванняў.
У вёсках раёна можна было сустрэць нават статак авечак. Сям’я трымала на падворках не па 2-3 галавы, а па 10-12. Але ў апошні час колькасць жадаючых разводзіць гэту жывёлу значна паменшылася.
У раёне засталося няшмат людзей, якія трымаюць авечак. Прычым, сказаць, што яны займаюцца авечкагадоўляй, нельга. Часцей людзі менавіта трымаюць жывёлу для задавальнення сваіх патрэб: дзеля мяса, у рэдкіх выпадках — дзеля воўны.
У Мікалая Прыстаўкі з вёскі Александрова Студзёнкаўскага сельсавета невялікі гурт: на зіму пакінуў дзве авечачкі і барана. Да вясны статак папоўніцца і будзе складаць каля 8 галоў. Мікалай Сяргеевіч — адзіны ў вёсцы аматар бараніны.
На працягу 32-х гадоў мужчына разводзіць авечак. Усё жыццё бацькі займаліся гэтай справай, таму і вучыцца было ў каго. «Старыя людзі вельмі цанілі авечак, бо жывёла і адзявала, і абувала, і карміла, — разважае Мікалай Прыстаўка. — Якія цёплыя світары, камізэлькі, панчохі, шкарпэткі вязала нам маці! Цяперашняя моладзь гэтага наўрад ці ведае. Дзецям бацькі імкнуліся аддаць самае лепшае. Доўгі час быў у нас прыгожы белы баран. Маці нават лазню тапіла, мыла таго барана, дапамагала яму абсохнуць. І ўсё для таго, каб састрыгчы чыстую воўну і звязаць унукам беласнежныя рукавіцы».
Мужчына пра авечак ведае літаральна ўсё: як даглядаць, чым карміць, у якіх умовах трымаць, у які час і як стрыгчы, калі абнаўляць патомства і многае іншае. Маленькім ягняткам нават сам робіць прышчэпкі. «Раней жывёла менш хварэла, — гаворыць мужчына. — Авечкі лекі сабе знаходзілі ў прыродзе. Калі пасвіліся ў агульным статку, то ім і свабоды было больш. Поле, прастора, карысная трава літаральна, як кажуць, пад нагамі. А зараз — на ланцугу. Хоць я і імкнуся мяняць ім пашу, але гэта ўжо не тое».
Зіма для авечак не лепшы час. Большую частку сутак яны знаходзяцца ў хляве. Бывае гаспадар выпускае жывёлу пахадзіць па двары, бо, як ён сцвярджае, авечкі холаду не баяцца, ім небяспечна знаходзіцца на скразняку. Толькі самак перад акотам на холад не выводзіць, шкадуе.
Авечка — жывёла не пераборлівая. Летам будзе скубсці траву, зімой рада сену. Мікалай Сяргеевіч сваіх гадаванцаў часам балуе: дае хлеб, з лесу можа прынесці галінкі асінніку, «…каб жывёла і лісточак паспыталі».
Мікалай Прыстаўка трымае авечак выключна дзеля мяса. На продаж яно не ідзе, хапае толькі для сваёй сям’і. Добраму чалавеку для папраўкі здароўя бараніну ці авечы тлушч Мікалай Сяргеевіч і задарма дае. І з воўнай сёння ніякіх складанасцей не ўзнікае. Калі раней яе вазіў часаць у Сянно ці Багушэўск, здаваў нарыхтоўшчыкам, то зараз проста знішчае. А куды яе дзенеш? Аўчынкі таксама нідзе не прымаюць, і збіраць іх няма сэнсу. «Да мяне калісьці ў чаргу запісваліся, каб набыць аўчынку, — расказвае мужчына. — Як яны тады цаніліся! А цяпер такая каштоўнасць прападае. А быў жа час, калі для арміі шылі цёплыя шарсцяныя шынялі. Зараз на змену натуральнай тканіне прыйшоў сінтэпон. У світары дабаўляюць сінтэтычныя ніткі. Насіце на здароўе! А ці будзе ён цяплейшы і для здароўя лепшы за той, што звязаны з воўны?!»
Шмат чаго змянілася з тых часоў, калі грамадскія гаспадаркі пазбавіліся ад авечак, ссылаючыся на стратнасць галіны. Сёння дзяржавай не запатрабавана воўна, не апрацоўваюцца аўчынкі. Нават мясакамбінаты з баранінай, можна сказаць, не працуюць. Шкада, бо ў бараніне ўтрымліваецца нізкая колькасць халестэрыну. У той жа час яна больш каларыйная, чым ялаві-чына.
Страчана шмат. На дзяржаўным узроўні вядуцца размовы аб развіцці рыбаводства, пчалярства. Не лішнім было б павысіць статус авечкагадоўлі — яна заслугоўвае таго.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.