В ОАО «УЛЬЯНОВИЧИ» ВОЗВЕДУТ СОВРЕМЕННЫЙ СУШИЛЬНЫЙ КОПЛЕКС

В ОАО «Ульяновичи» Сенненского района чествовали лучших работников по итогам сельскохозяйственного года и строили планы на будущий урожай.

 Няма больш пачэснай і паважанай працы, чым праца на зямлі. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу — Дню работнікаў сельскай гаспадаркі, прайшло ў ААТ «Ульянавічы». Ахарактарызаваў работу калектыву дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Багданоўскі. У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Сабыніч, старшыня Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Мурашкевіч, начальнік ДРБУ-146 Дзмітрый Аленчанка і яго намеснік Іван Кекіш.

 Трэба адзначыць, што ў бягучым годзе хлебаробы ААТ «Ульянавічы» дабіліся нядрэннага ўраджаю зерневых. Яго валавы збор склаў 3 751 тону ці 181,3% да ўзроўню мінулага года пры ўраджайнасці 25,5 цэнтнера з гектара. Выхад зерня з аднаго бала-гектара склаў 91,4 кілаграма, што на 10,2 кілаграма больш чым ў 2010 годзе. Атрымалі добры ўраджа­й масласемя рапсу. У бункернай вазе гэта лічба складае 248 тон ці 168,7% у параўнанні з мінулым годам. Нарыхтавана кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы 31,12 цэнтнера кармавых адзі­нак. Закладзена аснова будучага ўраджаю. Паднялі зяблева на 1060 гектарах, пасеялі 180 гектараў азімага рапсу і 850 гектараў зерневых культур. Вялікая заслуга ў гэтым спецыялістаў гаспадаркі, у першую чаргу, галоўнага агранома Уладзіміра Мізаўцова, галоўнага інжынера Сяргея Масюты, брыгадзіраў, механізатараў.

 На 452 тыс. рублёў павялічыўся сярэднямесячны заробак і склаў 1078 тыс. рублёў.

 У гаспадарцы надоена на карову 2 767 кілаграмаў малака. Валавы надой склаў 1881,7 тоны. Гэта 105,2% да ўзроўню мінулага года. Прададзена малака дзяржаве ў заліковай вазе 1496,2 тоны. Вышэйшым гатункам — 57,5%, «экстра»— 38,4%. Таварнасць склала 79,5%. Ад рэалізацыі малака гаспадарка мае, хай невялікі, але прыбытак. Сярэдні кошт рэалізацыі малака складае 1660 рублёў за кілаграм, яго сабекошт — 1270 рублёў. А вось ад рэалізацыі мяса атрыманы страты. Яго сабекошт 16720 рублёў, пры сярэднім кошце рэалізацыі — 7873 рублі за кілаграм.

 Як адзначыў падчас свайго выступлення начальнік райсельгасхарчу Генадзь Сабыніч, упершыню ва «Ульянавічах» зроблены прарыў у вытворчасці зерня. Вынік атрыманы дзякуючы высокай адказнасці спецыялістаў і належнаму выкананню пастаўленных задач усімі работнікамі гаспадаркі. Сёння стаіць задача пабудаваць новы сучасны сушыльны комплекс, бо цяперашняя сушыльная гаспадарка маральна і матэрыяльна састарэла.

 А вось маючы добрую кармавую базу, паказчыкі ў жывёлагадоўлі павінны быць на парадак вышэй. А сёння яны ніжэйшыя за сярэднераённыя. Жывёлагадоўля з’яўляецца асноўнай  галіной сельгасвытворчасці. Трэба толькі давесці прывагі жывёлы да належнага ўзроўню, правільна размеркаваць кармы, нарошчваць вытворчасць і забяспечыць якасць прадукцыі. Пры дакладным выкананні ўсіх тэхналагічных працэсаў будзе і стабільны заробак, і годныя ўмовы жыцця і працы. Для гэтага ў таварыства ёсць і база, і кадры і магчымасць. Напрыклад, трэба павысіць таварнасць малака. Пакуль больш чым пятая частка надоенага не даходзіць да перапрацоўшчыкаў.

 Як бы цяжка не было, а станоўчыя тэндэнцыі ёсць. Замацаваць і развіць іх — адна з галоўных задач калектыву. Генадзь Генадзьевіч павіншаваў з прафесі­йным святам работні­каў прадпрыемства, уручыў яго дырэктару Уладзіміру Багданоўскаму грамату раённага выканаўчага камітэта за дасягненні ў сельгасвытворчасці і высокую культуру земляробства.

 Колькі б не называлі фактаў, не прыводзілі лічбаў, трэба аддаць належнае людзям, якія самаадана працуюць. ААТ «Ульянавічы» па праву ганарыцца многімі сваімі працаўнікамі — механізатарамі, жывёлаводамі, паляводамі. Гэта іх рукамі ствараюцца матэрыяльныя даброты. На ўборцы зерневых культур, рапсу, кукурузы пераможцамі сталі Віктар Шэлепень, Уладзімір Шабалін, Мікалай Шарковіч. На веснавых-палявых работах, нарыхтоўцы кармоў і асенняй сяўбе вызначыліся механізатары Аляксандр Дзедушка, Аляксандр Гарбачоў, Васіль Шарковіч, Сяргей Бараноўскі, Уладзімір Бажкоў, Леанід Стайноў, Міхаіл Семянькоў і многія іншыя. Заслугоў­вае павагі работа жывёлаводаў. Выдатна спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі загадчыца МТФ «Вялікі Азярэцк» Алена Арлова. Прыклад у працы паказваюць аператары машыннага даення Жанна Улаховіч, Тамара Воранава, Кацярына Казлова. Вельмі стараюцца працаваць аператары па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Яўген Дайнэка, Мікалай Ганчарэнка і аператар па адкорму буйной рагатай жывёлы Уладзімір Камінскі. Добрасумленна адносяцца да работы і атрымліваюць высокія вытворчыя паказчыкі аператары па раздою першацёлак Надзея Маскіна і Ларыса Камінская.

 Лепшым працаўнікам на вечары-ўшанаванні ўручаны грашовыя прэміі. Не забываюць у калектыве пра ветэранаў. Для іх падрыхтавалі каштоўныя падарункі.

 Сваё мастацтва падаравалі прысутным у зале народны ансамбль «Вечарынка», Святлана Аніковіч,  Валянціна Бельская і Галі­на Хурко.

 Ларыса МУКАМОЛАВА.

На ЗДЫМКАХ: Генадзь Сабыніч уручае грамату Уладзіміру Багданоўскаму;  Алена Арлова — загадчыца МТФ «Вялікі Азярэцк», Жанна Улаховіч і Тамара Воранава — аператары машыннага даення (злева направа) ; спявае Валянціна Бельская.

.