НЕ ПРАЕХАЦЬ, НЕ ПРАЙСЦІ. ПРАБЛЕМЫ, ЯКІЯ ХВАЛЮЮЦЬ СЕННЕНЦАЎ

Са сваёй праблемай у рэдакцыю звярнуўся Г.П.Скапа, які жыве па адрасу: г.Сянно, вул.Кастрычніцкая, д.140, кв.2. Ён паскардзіўся на дрэнны стан балконаў, якія, на думку аўтара пісьма, знаходзяцца ў аварыйным стане, таму выходзіць на іх небяспечна.

 Г.П.Скапа даслаў і здымак, які красамоўна сведчыць аб знешнім выглядзе аднаго з балконаў дома.

 Гэты зварот мы адрасавалі дырэктару УП ЖКГ А.А.Зеляню. Вывучыўшы пытанне, ён паабяцаў падтынкаваць балконы. Але найбольш аптымальны выхад, на думку Аляксея Аляксандравіча, убраць балконы зусім.

 З пісьмом працавала Таццяна Буракова.

У рэдакцыю звярнулася Таццяна Міхайлаўна Закрэўская. Жыхарку Віцебска хвалюе добраўпарадкаванне могілак каля в.Шчытнікі. Пахаваны на гэтых могілках і жыхары в.Ліплянск. У вёсках цяпер ніхто не жыве. Але былыя жыхары наведваюць магілы сваякоў.

 «Пад’езду да могілак ніякага няма, прасцей сказаць, — ні праехаць, ні прайсці. Летам поле вакол  засяваецца, восенню — пераворваецца. Да таго ж, улетку прама на могілках пасвіцца жывёла. Паставіць агароджу Какоўчынскі сельскі савет адмовіўся з-за недахопу грашовых сродкаў. А цяпер, ужо трэці год, няма і пад’езду. А раней дарога была, нашы бацькі яе абкошвалі…» — піша Т.М.Закрэўская.

 Даслала Таццяна Міхайлаўна і фотаздымак  «дарогі» да могілак.

  З пісьмом працавала Таццяна Буракова.