У ЯГО ПАСЛУЖНЫМ СПІСЕ — 32 ЛІТРЫ КРЫВІ
Высокія тэхналогіі, якія дазваляюць медыкам ратаваць людзей ад раней невылечных захворванняў, патрабуюць, часам, вялікай колькасці донарскай крыві. Добраахвотнае ахвяраванне сваёй крывёю ці яе кампанентамі для далейшага пералівання таму, каму яна патрэбна, выратоўвае многія жыцці ў выпадках, калі адлік ужо ідзе на секунды…
Мікалай Дзюсаў — ганаровы донар. Вось ужо 20 гадоў мужчына пастаянна, чатыры разы ў год, здае кроў. За жыццё некалькі разоў даводзілася мяняць месца жыхарства, але Мікалай Мікалаевіч ніколі не здрадзіў ідэі дапамогі людзям. Калі працаваў на заводзе металаканструкцый у Віцебску, іх прадпрыемства па здачы крыві было замацавана за першым радзільным домам. «Мы добра ведалі, што наша кроў пойдзе на патрэбы будучых маці», — з гордасцю расказвае М.Дзюсаў.
За гады донарства Мікалай Мікалаевіч аддаў каля 32 літраў крыві. Аднойчы нават прыйшлося рабіць прамое пераліванне. Кожны раз даводзіцца здаваць 400- 450 мл крыві. Гэта колькасць аднаўляецца вельмі хутка, а заадно арганізм атрымлівае добры стымул для работы эндакрыннай і імуннай сістэм. Сёння Мікалаю Мікалаевічу 54 гады, працуе вартаўнікоў-матарыстам на ААТ «Сенненскі льназавод», але дзяліцца сваёй крывёю з іншымі думае і надалей.
Ала ЯКАЎЛЕВА.