ЧЫРВОНЫ – КОЛЕР РЭВАЛЮЦЫІ. Сенненскія камуністы адзначылі 94-гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі.

 Усе, хто прыйшоў на ўрачысты мітынг, трымалі ў руках чырвоныя гваздзікі — сімвал рэвалюцыйнага змагання. У хуткім часе кветкі былі ўскладзены да бюстаў выбітных дзеячаў рэвалюцыйнага руху Карла Маркса і Уладзіміра Леніна.

 Са святочнай падзеяй прысутных павіншаваў першы сакратар райкама КПБ Уладзімір Бяляцкі. Да яго далучыўся таксама і старшыня раённага савета ветэранаў Яўген Усціновіч.

 У сваёй прамове лідар мясцовых камуністаў адзначыў, што ўнёсак Вялікага Кастрычніка ў сусветную гісторыю бясспрэчны. 94 гады таму з залпам «Аўроры» пачалася новая эра. Сучасныя гісторыкі па-рознаму ацэньваюць вынікі будаўніцтва «новага сацыялістычнага грамадства без войнаў, прыгнёту і насілля». Тым не менш, дасягненні яго аспрэчыць цяжка. Савецкія людзі, камуністы гераічна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, самааддана аднаўлялі жыццё краіны ў пасляваенны час, дасягнулі значных поспехаў у эканоміцы, прамысловасці, ахове здароўя, адукацыі. І сёння камуністы ўжо незалежнай беларускай дзяржавы імкнуцца прытрымлівацца ідэалаў Вялікага Кастрычніка, робячы свой унёсак у развіццё Беларусі як сучаснай еўрапейскай краіны дзеля дабрабыту беларусаў і светлай будучыні сваіх нашчадкаў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: кветкі да бюста правадыра.