СВАІМ ВАЖАКОМ СЕННЕНСКІЯ КАМУНІСТЫ ЗНОЎ АБРАЛІ АЛЯКСАНДРА БЯЛЯЦКАГА.

Сёлетнюю 94-ую гадавіну Вялікай Кастрычні­цкай рэвалюцыі сенненскія камуністы сустракаюць у пашыраным складзе. Напярэдадні свята членства ў адной з буйнейшых на абшарах СНГ партыі — камуністычнай —  атрымала Алена Шубка — начальнік разлікова-даведачнага цэнтра Сенненскага РУП ЖКГ. Акрамя таго, Алена Эдуардаўна ўзначальвае на прадпрыемстве прафсаюзны камітэт і пярвічку ГА «Беларускі саюз жанчын». Чырвоны білет жанчыне ўручыў першы сакратар РК КПБ Уладзімір Бяляцкі.

 Прыняцце ў рады новага члена стала не адзі­най тэмай 8-й справаздачна-выбарчай канферэнцыі сенненскага райкама камуністычнай партыі Беларусі. На мерапрыемстве, акрамя камуністаў, прысутнічаў таксама  начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца. Кіраўнік райкама расказаў пра зробленую на працягу года работу. У прыватнасці, ён адзначыў, што камуністы прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні дзяржаўных святаў, знамянальных дат раёна, вобласці, краіны, у патрыятычным выхаванні моладзі, выбарных кампаніях, садзейнічаюць ажыццяўленню дырэктыў і дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так, дзякуючы намаганням камуністаў, Рыгора Грытчанкі і Віктара Лаўрэнава, быў адрамантаваны  бюст леніна ў вёсцы Канстантова. Актыўны ўдзел члены партыі прымалі і ва ўстанаўленні ў Сянно танка — помніка танкістам, якія загінулі падчас танкавай бітвы 1941 года.   

 А сярод першачарговых для сябе задач на бліжэйшы час камуністы лічаць далейшы рост радоў раённай партарганізацыі, павелі­чэнне пярвічных арганізацый, актыўны ўдзел у рабоце грамадскіх арганізацый і палітычных партый, узаемадзеянне з органамі мясцовай улады, грамадскімі аб’яднаннямі «Белая Русь» і «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», патрыятычнае і маральнае выхаванне моладзі. Сёння колькасць партыйнага аб’яднання налічвае 29 чалавек. Створана і працуе 4 пярвічныя арганізацыі: савецкая (узначальвае Яўген Усціновіч) і кастрычніцкая (Аліса Глухарова) у Сянно, багушэўская (Аляксандра Кузняцова), машканская (Худавердзі Куліеў).

 Асноўную ўвагу трэба скіраваць на моладзь, падкрэсліў Уладзімір Бяляцкі. Пераважную большасць партыйцаў складаюць людзі сталага ўзросту. І ўжо сёння востра стаіць пытанне пераемнасці. Свае вопыт, веды, традыцыі найстарэйшай партыі трэба перадаваць маладым.

 У падтрымку сваіх слоў Уладзімір Іванавіч прапанаваў на наступны год  перадаць руль улады Алісе Глухаровай. А пакуль што галасаваннем Уладзімір Бяляцкі ў чарговы раз абраны першым сакратаром, яго намеснікам — другім сакратаром — стала Алі­са Глухарова.

 Яны ж, а таксама Віктар Лаўрэнаў будуць прадстаўляць камуністаў раённай партыйнай арганізацыі на 10 з’езде КПБ, які мае адбыцца ў наступным месяцы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: У.Бяляцкі ўручае А.Шубка партбілет.