«Дворцов заманчивые своды…»! Чаму кошт жывёламесца на новых фермах адпавядае вартасці мінскай кватэры!

Дырэктар Інстытута сіс­тэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Валерый Бельскі адзначае: «Пры тых укладаннях, што рабіліся дзяржавай у АПК, прадуктыўнасць яго работы павінна быць сёння ў 1,5-2 разы вышэй». («СБ» за 15.09.2011, артыкул «Аграрныя ўрокі»). Глыбокі дысбаланс у сельскай гаспадарцы — адна з галоўных прычын цяперашняй эканамічнай сітуацыі. Сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і «раёнка», не раз пісалі, што кошт жывёламесца на новых фермах такі, што карову за тыя ж сродкі можна размясціць у мінскай кватэры. І калі раней гэта ўспрымалася як анекдот, то сёння падобная сітуацыя ўжо не выклікае смех.

 Бяру ў рукі калькулятар і наўскід, без уліку многіх нюансаў, лічу: машэраўская малочнатаварная фер­ма  на 530 кароў каштавала 12 мільярдаў рублёў. Дзе­лім. Атрымліваецца на галаву 22641509. Нават пры надоі ў пяць тысяч літраў і рэалізацыі малака класам «Экстра» на тое, каб МТФ пачала сябе акупляць спатрэбіцца каля пяці гадоў. А колькі за гэты час будзе налічана амартызацыйных адлічэнняў, патрачана сродкаў на рамонты, замену абсталявання, бо нашых аператараў па-ранейшаму не вучаць працаваць са складанымі прыборамі і механізмамі.

 Вядзецца будаўніцтва малочнатаварнага комплексу  ў вёсцы Забараўе ААТ «Бяленева». Кампетэнтныя людзі кажуць, што гэты «палац» ужо будзе каштаваць 26 міль-ярдаў рублёў.

 Словам, укладанні вялікія,  а аддача? Каб вый­сці на прагнозны паказчык па валавай вытворчасці ў жывёлагадоўлі, сёлета трэба прырасці не менш як на 30 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Але ж па рэалізацыі жывёлы і птушкі ў жывой вазе за восем месяцаў маем толькі 118,9 працэнта. Тэмп росту ў 130 працэнтаў аказаўся не пад сілу ўсім сельгасарганізацыям. Горш  таго, нават не дасягнулі ўзроўню мінулага года ААТ «Белая Ліпа», «Сінягорскае», «Пурплева», «Кругляны», «Бяленева», КУСГП імя Гараўца, ПП «Дружбінец», ДП «Саўгас імя Машэрава», ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

 Калі ад агульнай рэалізацыі мяса ў жывой вазе ў цэлым па раёне ў 5597 тон адняць уклад машканскіх свінаводаў у колькасці 2053 тоны, хаця гэта таксама ніжэй узроўню мінулага года, і птушкаводаў прадпрыемства «Вітканпрадукт»—1345 тон, то не складана прыкінуць колькі мяса рэалізуюць астатнія 14 сельгасарганізацый. Напрыклад, КУСГП «Полымя» за восем месяцаў даў у агульную раённую скарбонку 54 тоны жывёлы ў жывой вазе, ААТ «Какоўчына»— 76, ААТ «Пурплева»— 68. Менш  ста тон рэалізавалі ААТ «Белая Ліпа», «Сінягорскае», «Кругляны», КУСГП імя Гараўца. Аднак, і з гэтага мізэра не ўсё трапіла на мясакамбінаты.

 Нізкай жывой вагой рэалізуе буйную рагатую жывёлу УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Кожны гадаванец, ад-праўляўся адсюль на забой сярэдняй вагой 318 кілаграмаў, у той час, як сярэднераённы  паказчык перавышаў яе амаль на сто кілаграмаў, а з ДП «Саўгас імя Машэрава»  буйная рагатая жывёла адпраўлялася жывой вагой увогуле звыш 530 кілаграмаў кожная галава.

 Па вытворчасці малака тэмп росту да аналагічнага перыяду  мінулага года склаў 100,2 працэнта. Не забяспечылі леташні вал ААТ «Белая Ліпа»,  «Бяленева», «Какоўчына», КУСГП «Полымя», імя Гараўца,  «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

 Рэалізацыя ж малака не прырасла. Практычна ўсе сельгасарганізацыі не справіліся з заданнем  па таварнасці прадукцыі. А ў ПП «Дружбінец», ААТ «Пурплева», КУСГП «Полымя» на 2,8-6,6 працэнта таварнасць аказалася нават ніжэй за тую, што была ў 2010 годзе. Толькі па гэтай прычыне страты ў цэлым па раёне склалі 884 мільёны рублёў.

 Базіснай тлустасцю (3,6 працэнта і крыху вышэй) рэалізоўвалі прадукцыю ААТ «Бяленева», «Какоўчына» , «Літусава», КУСГП імя Гароўца, ДП «Саўгас імя Машэрава». У астатніх сельгасарганізацыях яна аказалася меньшай. Класам «Экстра» раён рэалізаваў за восем месяцаў 43,6 працэнта малака ад заліковай вагі, 50,8 працэнта — вышэйшым гатункам. ААТ «Какоўчына» увогуле  ні тоны прадукцыі не рэалізавала класам «Экстра», хаця ўмовы для гэтага тут ёсць. Акрамя таго, пера­пра­цоўчым прадпрыемствам сельгасарганізацыям звыш 100 тон малака было вернута, як непрыгоднага для вырабу харчовай прадукцыі. Па прычыне рэалізацыі малака  нізкай якасці ў касы гаспадарак не паступіла 342 мільёны рублёў.

 За студзень-жнівень ад кожнай рагулі  надоена па раёне 2403 кілаграмы малака (плюс 51 кг). Аднак ужо цяпер бачна, што  ААТ «Пурплева», «Какоўчына», КУСПГ «Полымя», імя Гараўца, «Насеннявадчы саўгас імя Данукалава» па году ледзьве выйдуць на надой нямногім больш 2000 кілаграмаў ад каровы.

 Рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг за студзень-ліпень аказалася на ўзроўні 1,2 працэнта. Нулявай яна была ў ААТ «Белая Ліпа», «Сінягорскае», КУСГП «Полымя», «Насенняводчы саўгас імя Данукалава»,  імя Гараўца, а ў ПП «Дружбінец», ААТ «Кругляны»— нават зашкаліла «у мінус».

 Сабекошт 1 тоны малака па раёне склаў 1152 тысячы рублёў, буйной рагатай жывёлы — 10103 тысячы рублёў пры сярэдняй цане рэалізацыі адпаведна — 1181 і 5636,6 тысячы руб­лёў. Як бачым, у плюсе толькі малако, мяса — стратнае.

 Прыватніка  вабіць  не «… дворцов заманчивые своды», а магчымасць атрымаць прыбытак. У вытворчасці яго  ўзровень  у  разы перавышае прадукцыю грамадскіх сельгасарганізацый у пераліку на галаву жывёлы. Адсюль, пэўна, варта і зыходзіць, думаючы аб эфек­тыўнасці вя­дзення галіны.

Міхаіл БЯЛОЎ.