ПАЎСТАГОДДЗЕ ФЛАГМАНУ СЕННЕНСКАГА ГАНДЛЮ

Ветэраны і сённяшнія супрацоўнікі УП «Сенненскія прамтавары» на днях сабраліся разам, каб адзначыць юбілейную падзею.

  Пяцьдзесят год таму, у жніўні 1961 года ў Сянно быў адчынены «Універмаг».  Двухпавярховы магазін і сёння застаецца найбуйнейшай гандлёвай кропкай па рэалізацыі прамысловых тавараў у Сенненскім раёне.

 Тагачасны «Універмаг» налічваў 6 аддзелаў. На першым паверсе змяшчаліся «Абутак», «Дзіцячы свет», «Культтавары». На другім — «Гатовае адзенне», «Галантарэя», «Тканіны». У кожным аддзеле працавала па тры чалавекі. Усяго 18 супрацоўнікаў. Калектыў пасаваў новаму магазіну. Прадаўцамі  працавала пераважна моладзь, якая прыйшла сюды адразу пасля заканчэння тэхнікума. Для многіх запіс аб прыёме на працу ва «Уні­вермаг» стаў адзіным у працоўнай кніжцы. Сярод тых, хто працаваў тут з першых дзён і да пенсіі, Галіна Гарбачова, Вера Ермакова, Дзіна Падабед. Першым дырэктарам магазіна стала Юлія Жутчанка. Потым на пасадзе ў розныя часы працавалі Давыд Левін, Сафія Зайко, Людміла Бярозка, Людміла Турэйка. Сёння УП «Сенненскія прамтавары» (да якога адносіцца «Універмаг») узначальвае Жанна Еўзікава.

 Паступова з адной кропкі ўтварылася цэлая сетка магазінаў — «Кнігі»  «Дзіцячы свет» , «Галантэрэя»  і інш. Давялося перажыць  нялёгкі перыяд дэфіцыту, калі ў тыя ж дзевяностыя гады мінулага стагоддзя гандляваць даводзілася па купонах і талонах. Тады ж развіццё атрымаў выязны гандаль у суседнія Расію, Украіну. Актыўны экспарт вядзецца і сёння, праўда, у больш камфортных умовах. Сенненцаў добра ведаюць у Смаленску, Пскове, Санкт-Пецярбургу, Маскве, у рэгіёнах Віцебскай вобласці, напрыклад, у  Браславе. 

 Сучасны «Універмаг» — гэта яшчэ і аптовы склад, куды паступаюць тавары і адкуль яны размяркоўваюцца па ўсіх крамах Сенненшчыны. Структурная сетка УП «Сенненскія прамтавары» ўключае ў сабе  дзесяць гандлёвых кропак: «Універмаг», «Гаспадарчыя тавары», «Світанак», «Мэблевы» ў райцэнтры, «Уні­вермаг» у гарпасёлку Багушэўск, магазіны ў аграгарадках Янова, Машканы, Ходцы, Полымя, Какоўчына.

 Прадпрыемства захоўвае статус флагмана гандлю не толькі раённага маштабу. На працягу апошніх гадоў наш «Універмаг» займае першае месца ў Віцебскай вобласці па рэалізацыі прамысловай групы тавараў. Каб не здаваць пазіцый, сенненскі  «Універмага», «Гаспадарчых тавараў» і багушэўскага «Універмага» ідзе паўнавартасная рэканструіравана: мяняецца знешні воблік будынкаў, ўнутраны выгляд гандлёвых залаў, абсталяванне. А гэта значыць, што карыстацца паслугамі сенненскіх магазінаў пакупнікам стане больш зручна і прыемна. 

 Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 На здымку: на прыступках «юбіляра».