Вёсачка мая – мой лёс

  Пад такой назвай нядаўна прайшло свята вёскі Будзішча, якое для мясцовых жыхароў падрыхтаваў народны ансамбль «Вясёлыя музыкі» і яго кіраўнік Дзмітрый Макараў.

  Мерапрыемства выклікала жывы інтарэс: прыйшлі працаўнікі, моладзь, пенсіянеры. Пачаткам святочнай праграмы стаў невялікі экскурс у мінулае родных мясцін, які зрабіла вядучая Алена Матузенка.

 Будзішча — вёска ў Нямойтаўскім сельсавеце, на дарозе Сянно — Нямойта. На пачатку ХХ стагоддзя засценак належаў дваранцы Жукоўскай. У 1959 годзе тут стварылі калгас «Кастрычнік». Вёска Будзішча з’яўлялася цэнтрам калектыўнай гаспадаркі. Цяпер гэта тэрыторыя ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

 Сапраўдны святочны настрой падарылі жыхарам вёскі самадзейныя артысты. Яны спявалі, чыталі вершы і гумарэскі, расказвалі легенды. Самую паважаную па ўзросце жанчыну вёскі Зінаіду Пятроўну Духовіч з Днём нараджэння павіншавала і ўручыла кветкі старэйшына Галіна Мяцеліца.

 З упэўненасцю можна гаварыць, што свята атрымалася. Задаволеныя твары прысутных красамоўна пра гэта сведчылі.

 На здымках: старэйшына вёскі Г.М.Мяцеліца віншуе з Днём нараджэння З.П.Духовіч; вясковая дзетвара сярод удзельнікаў ансамбля «Вясёлыя музыкі».