Як сенненцы гулялі адразу на трох Спасах

Апошні летні месяц пазначаны адразу трыма  Спасамі. Яны звязаны з сялянскімі клопатамі, зборам ураджаю. Першы — Мядовы спас — адзначаецца 14 жніўня, трэці — Арэхавы — 29 жніўня. Яблычны Спас (19 жніўня) — другі і самы галоўны супадае з  вялікім царкоўным святам Прэабражэннем Гасподнім.

  Размеранасць сялянскага жыцця здавён нарадзіла завядзёнку — рабіць усё  ўпару. Напэўна таму,  з’есці яблык трэба было, калі ён у поўную сілу набраў сокаў зямлі і сонечнай цеплыні,  пасля яго асвячэння ў царкве на Яблычны Спас. Лічылася, што пасля гэтага яблык набывае лекавыя якасці і можа пазбавіць чалавека ад многіх хвароб. У свята людзі частавалі адзін аднаго садавіной жадалі дабрабыту і моцнага здароўя.  Пакаштаваць салодкія, спелыя дары прыроды 19 жніўня маглі і сенненцы. У парку «Трох герояў» гучала музыка, прыемна пахла булкамі, пірагамі, мёдам.

 Раённы Дом культуры падрыхтаваў святочную праграму  «Кожны Спас прыходзіць у свой час», на якую запрасілі лепшых пчаляроў, кулінараў, музыкантаў.

 Жадаючыя маглі набыць  мёд з пчальніка УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», пачаставацца булкамі і пірагамі і даведацца пра гісторыю свята.

 З даўняга часу існавала павер’е, што пчолы водзяцца толькі ў добрага чалавека і руплівага гаспадара. Менавіта такія майстры-пчаляры прысутнічалі на свяце. Уладзімір Башкірын з вёскі Падворыца, займаецца пчалярствам з 15 гадоў. Гэтай справе ён вучыўся самастойна, таму сёння можа многае расказаць пра мёд і яго якасці. Не менш вопыту ў Леаніда Кішковіча з Горных Ходцаў, які падзяліўся з гледачамі сакрэтамі народнай медыцыны і даў парады па лячэнні мёдам і праполісам.

  Побач са сцэнай кружыліся дзяўчаты, апранутыя ў касцюмы пчолак (удзельніцы танцавальнага калектыву Белаліпскага СДК). Яны запра­шалі ўсіх прысутных танцаваць, вадзілі карагоды.

 Свае кулінарныя шэдэўры прапаноўвалі  ўдзельніцы клуба беларускай нацыянальнай кухні «Хадчаначка», пад кіраўніцтвам Любові Жукоўскай. За сімвалічную плату можна было набыць смачны кавалачак здобы.

 Цікавую выставу садавіны падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Жанчыны ў народных касцюмах прапаноўвалі вялікую колькасць гатункаў беларускіх яблык.

 Ніякая праца ў нашых продкаў не ладзілася без песень. Спявалі, калі жалі жыта, гулялі вяселле, нараджалася дзіця.  Абрад  дажынкі прадэманстравалі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці Багданаўскага СДК.

  Хлебны Спас завяршаў цыкл летніх святаў. Лічылася, што да гэтага часу сяляне павінны зжаць жыта, выкапаць бульбу. Пачыналася падрыхтоўка да зімы.

 За некалькі гадзін госці горада  і жыхары змаглі  паласавацца ды набыць прысмакі,  акунуцца ў мінулае, пазнаёміцца з народнымі традыцыямі спасаўскіх святкаванняў. 

 У Сянно падобнае мерапрыемства прайшло ўпершыню, але хочацца спадзявацца, што яно стане штогадовым, больш  масавым, а галоўнае любімым.

Кацярына КАРПОВІЧ.