У Сянно з’явіцца парк высокай культуры

Праблему добраўпарадкавання парку Трох Герояў, што месціцца ля цэнтральнай плошчы Сянно, «раёнка» ўзнімала не раз. Ён мог стаць выдатным месцам адпачынку для жыхароў і гасцей райцэнтра. Аднак у апошні час гарадскі парк нагадвае, хутчэй, дзікарослы гушчар, праз які, кажучы неўміручымі коласаўскімі словамі, «ні мыш, ні пташка не праб’юцца». Зараз сітуацыя можа істотна змяніцца ў лепшы бок.

 Па словах начальніка аддзела па архітэктуры і будаўніцтве райвыканкама Віктара Комлева, архітэктурны праект па добраўпарадкаванні парку знаходзі­ц­ца на стадыі вырабу. Згодна яму, у парку змесцяцца зоны адпачынку, пешаходныя дарожкі, канцэртная пляцоўка, месцы для гандлёвых кропак. З’явіцца і вадаём з дэкаратыўнымі масткамі. Будзе абсталяваны зручнымі лесвіцамі спуск да гарадскога стадыёна.

 Першапачатковыя работы па ачышчэнні ад пустазелля і высечцы старых і аварыйных дрэваў у парку ўжо пачаліся.

 Разам з тым, пэўныя змяненні закрануць і яшчэ адно любімае месца баўлення часу сенненцаў — парк імя 40-годдзя Перамогі, у народзе вядомы як Сінайскія горы. У прыватнасці, над сцэнічнай пляцоўкай з’явіцца навес. 

 Фінансаванне абодвух праектаў будзе весціся з мясцовага бюджэту. Спадзяюцца раённыя ўлады і на актыўнасць саміх сенненцаў. Частку сродкаў на грамадска-карысную справу мяркуецца сабраць дзякуючы арганізаваным суботнікам.

  Вольга БАНДАРЭВІЧ.