Як сімвал кахання стаў сімвалам людской абыякавасці

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Такую колькасць буслоў васьмігадовы Вадзім Букаты і яго бабуля Надзея Міхайлаўна бачылі ўпершыню. Не менш за 20 птушак кружылі, размахвалі крыламі над кацельняй Сенненскай школы-інтэрната. Некалькі з іх селі на трубу качагаркі. І толькі тады людзі заўважылі прычыну буслінага нашэсця. З трубы віднеліся птушыныя крылы. Ад іх сціснутых узмахаў камякамі вылятала сажа. Хутка  бабуля з унукам зразумелі  — адзін з буслоў праваліўся ў трубу. Трэба тэрмінова ратаваць птушку­.

Па дапамогу хлопчык прыбег да суседкі Любові Сяргееўны Зарубіцкай, якая жыве побач са школай. Тая неадкладна патэлефанавала ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

 Выклік паступіў а дзесятай гадзіне вечара. У той час на змене дзяжурылі камандзір пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі г.Сянно Сяргей  Насечанка і кіроўца гэтай жа ПАВЧ Вячаслаў  Раткевіч.

 «Мяне прыемна ўразіла тое, з якой адказнасцю яны аднесліся да нашага звароту!» — пазней дзяліліася ўражаннямі спадарыня Зарубі­цкая. Супрацоўнікі РАНС прыбылі на месца праз лічаныя хвіліны. Выратавальнікам належала вызваліць даўгадзюбую птушку з трубнага палону і не нашкодзіць ёй. Дзякуючы Богу і людзям, усё абышлося, і праз некаторы час бусел, хай сабе не зусім белы, але жывы і здаровы, узляцеў да сваіх супляменнікаў.

 Пра гэты, цалкам рэальны, выпадак у рэдакцыю паведаміла   Любоў Сяргееўна: «Хочацца шчыра падзякаваць выратавальнікам, якія  адгукнуліся на нашу просьбу, не адмовілі ў дапамозе!»

 Асабіста мне   хацелася б па­дзякаваць маленькаму Вадзі­ку, яго бабулі, іх суседцы за тое, што не прайшлі міма птушынага гора. І, безумоўна, супрацоўнікам сенненскага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэта іх праца, але  далікатнасць, з якой яны падышлі да сваіх абавязкаў, заслугоўвае павагі.

  Праходзячы  па вуліцы Заслонава, штораз сустракаю белага голуба. Ён крочыць перада мной, не ўзлятае. Амаль ручны. Здаецца, падстаў яму далонь — без  боязі пойдзе ў рукі. Голуб-прыгажун — ахвяра шлюбнай моды.         У апошні час жаніхі і нявесты займелі традыцыю выпускаць у неба пару (як мінімум!) бялюткіх галубоў. Шыкоўная  карцінка! Толькі для птушак яна заканчваецца  хутчэй, чым мядовы месяц для маладых. Ад «сімвала кахання і вернасці» застаюцца адны пёркі. Можа ў Віцебску,  дзе птушак набывалі,  яны і маюць магчымасць вярнуцца да гаспадара.  А вось на вялікай адлегласці птушкі  не могуць знайсці дарогу дадому.  Неяк  у рэдакцыю звярнулася жанчына. Да двара яе дома прыбіліся некалькі «вясельных» галубоў. Неабыякавая жыхарка райцэнтра вельмі хвалявалася за іх лёс. І недарэмна. Праз некаторы час птушкі загінулі ад «рук» драпежных каршуноў ды дваровых катоў. Не забрала іх маладая пара, як абяцала.  Зварот у прыродаахоўную інспекцыю  таксама выніку не даў: голуб — птушка вольная, сама павінна шлях да галубятні знаходзіць. Натуральны адбор, як кажуць. Толькі  ці каштуе адзін кадр  для  вясельнага альбома жыцця некалькіх жывых і надзвычай прыгожых істот? «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі!»— словы з вядомай казкі Сент-Экзюперы і сёння не страцілі сваёй актуальнасці. «Дык будзьце адказнымі!» — хочацца заклі­каць усіх жаніхоў і нявестаў.

 Але не перавяліся на свеце   чулыя людзі. І героі першай гісторыі таму пацверджанне.

 У беларусаў бусел — нацыянальны сімвал. У народных уяўленнях ён паўстае як абсалютна разумная істота, надзеленая высокімі маральнымі якасцямі. Дачыненні чалавека і бусла — прыклад гарманічнага суіснавання людзей і дзікай прыроды. Чалавек дапамагае буслу будаваць гняздо, ахвяруючы дзеля гэтага старыя колы, бароны, дошкі, кавалкі жалеза. Бусла, што пасяліўся каля хаты, удзячныя гаспадыні часта падкармліваюць хлебам. За гэта птушка спрыяе людзя­м у здароўі і сямейным дабрабыце. Мяркую, бусел з нашай гісторыі таксама не забудзе на сваіх выратавальнікаў і абавязкова прынясе шчасце ў іх дамы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота аўтара.