На Сенненшчыне пачалася ўборка прыватных палеткаў

Уборка зерневых пачалася на прысядзібных участках вяскоўцаў. У Какоўчынскім і Нямойтаўскім сельсаветах абмалот збожжа вядуць камбайны прыватных асоб. У Какоўчынскім сельсавеце прыватнік убраў 50 участкаў, што складае 15 га, у Нямойце — 6 ці 1,5 га. У Ходцаўскім сельсавеце на прыватных сотках працуе камбайн РУП ЖКГ. Яшчэ адзін камбайн унітарнага прадпрыемства знаходзіцца ў Багушэўску і патрабуе сур’ёзнага рамонту. Нават, калі ён і будзе выкарыстоўвацца, значнай дапамогі не акажа.

 Камбайны, якія ёсць у камунальнікаў, у сельскіх Саветах, у прыватных асоб, не змогуць забяспечыць своечасовую ўборку зерневых на 2107  прысядзібных участках. Пакуль убрана 10% ад іх колькасці.

 Жніво на палетках сельгаспрадпрыемстваў і акцыянерных таварыстваў набліжаецца да свайго завяршэння. Некаторыя гаспадаркі ўжо пачалі аказваць дапамогу ў абмалоце збожжа на прыватных сотках. У Багданаўскім сельсавеце ўбіраюць камбайны ААТ «Сенненскі райаграсервіс» і ААТ «Ульянавічы», у Багушэўскім— КУСГП імя Гараўца. У Беліцкім, Нямойтаўскім, Машканскім, Студзё­нкаўскім сельсаветах камбайны сельгас­прадпрыемстваў на прысядзібныя ўчасткі пакуль не выязджалі. Пасля завяршэння жніва ўсе гаспадаркі актыўна ўключацца ў гэту работу. Паслуга — платная. За абмалот адной соткі зерневых культур пенсіянерам і работнікам сельгас­прадпрыемства трэба заплаціць 4000 рублёў.

 Хлеб грамадскі і хлеб прыватны па смаку і якасці аднолькавыя, таму кожная прыватная сотка павінна быць упарадкавана. Уборку прысядзібных участкаў варта завяршыць у бліжэйшы час, такая задача пастаўлена губернатарам вобласці А.М.Косінцам.

 У наступным годзе плануецца ўчасткі насельніцтва максімальна ўводзіць у севазварот сельгасарганізацый. Адпаведна заключаных дагавораў, гаспадаркі будуць аказваць насельніцтву паслугі па сяўбе, хімічнай праполцы, падкормцы ўгнаеннямі, адным словам, па захаванні ўсей тэхналогіі вырошчвання зерневых.  У выніку, насельніцтва павінна атрымаць недарагое зерне. Невялікі вопыт у гэтым напрамку ўжо ёсць у ААТ «Ульянавічы». І работа будзе працягвацца, удасканальвацца і пашырацца, як гэта робіцца ва ўсіх перадавых гаспадарках рэспублікі.

Ларыса Мукамолава.