Бульба – беларускі кландайк

Яшчэ ў памяці тыя гады, калі кожны калгас або саўгас Беларусі вырошчваў бульбы па 50-200 і больш гектараў, а ўраджайнасць у 200-300 цэнтнераў з гектара лічылася звычайнай з’явай. «Другім хлебам» называлі бульбу беларусы. Не грэбавалі ім ленінградцы, масквічы і, нават, кубінцы. Знаходзіліся іншыя рынкі збыту. З развалам Савецкага Саюза, развальвалася і бульбаводчая галіна.

  І  дарэмна. За прыкладамі не пойдзем за моры, акіяны. Яны побач. Летась Талачынскі кансервавы завод меў рэнтабельнасць ад бульбаводства звыш 60 працэнтаў.  Увогуле, па рэнтабельнасці з бульбай можа сапернічаць толькі рапс. Сёлета пасевы клубняў завадчане пашыралі да 620 гектараў. Мяркуючы па цэнах, па якіх сёння рэалізуюць бульбу дзяржаўныя гандлёвыя ўстановы, фермерскія гаспадаркі і фізічныя асобы, аддача бульбянога гектара будзе яшчэ вышэйшай. Словам, пры гаспадарскіх адносінах да культуры, яна можа стаць кландайкам для ўсіх рэгіёнаў Беларусі, якія займаюцца яе вырошчваннем. А ўмовы для культывавання «другога хлеба» ёсць практычна ўсюды, што  даказана практыкай мінулых гадоў.

 Праўда, не рэалізаваўшы клубні ў перыяд масавай уборкі, варта наладзіць іх добрае і надзейнае захоўванне, каб прадаваць тавар круглы год, у той перыяд, калі назіраецца найбольшы попыт. У адваротным выпадку замест прыбытку можна атрымаць страты. Бурт, дзе і сёння некаторая частка насельніцтва захоўвае свой ураджай, архаічнасць. Прыватнік, перад тым як  закласці бульбу на захаванне, ператрымае кожны клубень у руках, перасушыць, адсартуе пашкоджаныя. У грамадскіх арганізацыях валяць валам, іншы раз нават без выкарыстання бульбасартавальных пунктаў, закрыюць саломай, потым зямлёй, забыўшыся нават на такі важны элемент захавання, як вентыляцыйныя душнікі…

  Таму сёлета Мінсельгасхарч і асабіста Прэзідэнт Аляксандр  Лукашэнка паставілі перад сельгасарганізацыямі задачу: усю бульбу — у спецыяльныя сховішчы. Дарэчы, на будаўніцтва сховішча той жа Талачынскі кансервавы завод выдаткаваў каля 12 мільярдаў рублёў.

 А што ўяўляе сабой сенненскі кландайк? Гэта я пацікавіўся ў начальніка аддзела вытворчасці і збыту прадукцыі раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Антаніны Сунцеевай:

 — Вырошчваннем бульбы ў раёне займаюцца тры гаспадаркі, — расказвае Антаніна Васільеўна. — УП «Насенняводчы саўгас  імя Данукалава» (54 га), ААТ «Літусава» (69 га) і ААТ «Бяленева» (151 га). Сёлета  клубні пасаджаны  на 274 гектарах пры заданні 350. І хаця заданне не выканана, плошчы пад культурай супраць мінулага года пашыраны на 73 гектары. Значна вышэйшы мінулагодняга будзе ўраджа­й: чакаецца 230-250 цэнтнераў з гектара, вал дасягне 6300-6800 тон. Трэба засыпаць 1575 тон насення. Астатнія клубні пойдуць на рэалізацыю. Тое, што не будзе рэалізавана, трэба захаваць да лепшай пары, калі можна выручыць большыя грошы. Што тычыцца захаванасці, то летась  саўгас імя Данукалава  і ААТ «Бяленева» захоўвалі ўраджай у прыстасаваных сховішчах, а вось ААТ «Літусава» з-за адсутнасці сховішчаў прадавала  яго на РУП «Талачынскі кансервавы завод» для перапрацоўкі.

 Прыкладна месяц таму, а дакладней 22 ліпеня, праблема захавання «другога хлеба» разглядалася на калегіі  ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама з запрашэннем кіраўні­коў бульбасеючых гаспадарак. Адзначалася, што дырэктар  ААТ»Літусава» Міхаіл Каўрыжэнка тварам павярнуўся да азначанай праблемы. Пад сховішча цяпер рэканструіруецца былая рамонтная майстэрня ў вёсцы Ледневічы. Заклалі лішнія вокны і дзвярныя праёмы селікатнымі блокамі, адрамантавалі і ўцяплілі дах, зрабілі вентыляцыю.

 Бачна, што тут прадумалі і ашчадна падышлі да пытання рэканструкцыі памяшкання пад сховішча. Работы выконвае наёмная брыгада з Сянно з матэрыялаў і на грашовыя сродкі  ААТ «Літусава». У гаспадарцы падлічылі — такі спосаб рэканструкцыі абыдзецца больш танна, чым падобная паслуга спецыялізаванай арганізацыі. Да 15 верасня ўсе работы на  аб’екце  будуць завершаны і сховішча прыме новы ўраджай.

 Спосаб захавання бульбы — кантэйнерны. Вытворчасць  ёмістасцей таксама наладзілі ўласнымі сіламі. На выраб кантэйнера ў тону (з такой вагой спраўляецца пагрузчык АМКАДОР) затрачваецца каля ста тысяч рублёў.  Райвыканкамам даручана УП «Сяннобудмеліяводгас»  таксама арганізаваць вытворчасць кантэйнераў, і прадпрыемства гатова забяспечыць імі бульбасеючыя гаспадаркі пад  поўную патрэбу. 

 Ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» ёсць агароднінасховішча. Аднак на нядаўняй (у першай дэкадзе жніўня) калегіі райсельгасхарчу з удзе­лам старшыні райвыканкама Віктара  Цапоты, кіраўніцтву сельгасарганізацыі (С.А.Пагарэльскі)  ўказана на тое, што трэба адрамантаваць дах, як і кіраўніцтву  ААТ «Бяленева» (М.І. Парэпка) — на неапраўданае прамаруджванне з заключэннем дагавору аб арэндзе былых складоў райспажыўтаварыства ў Багушэўску. Іх яшчэ трэба прыстасаваць пад бульбасховішча, бо ўласнага памяшкання і таго, што арганізацыя арандавала ў райпо летась, яўна недастаткова. Пакгаўзы трэба рэканструяваць: закласці блокамі ці цэглай непатрэбныя вокны і дзверы, залатаць дах, вырабіць эстакаду для разгрузкі, выканаць іншы аб’ём работ. Навалам клубні засыпаць можна пластом таўшчынёй не больш метра, ды і сачыць за захаваннем складаней. Кантэйнер у гэтым плане дае значныя перавагі. Пастаўлена задача: усе існуючыя і рэканструяваныя сховішчы аснасціць тэрмометрамі па ўсіх вуглах памяшканняў для кантролю тэмпературнага рэжыму, а таксама прадугле­дзе­ць­ сродкі для ацяплення на выпадак анамальных халадоў(печы-буржуйкі, каларыферы і г.д.).

 За выкананнем задачы — усю бульбу ў сховішчы — сочыць Камітэт дзяржаўнага кантролю. Не выключэнне ў гэтым плане і наш раён. Яно і зразумела: архаізмаў варта пазбаўляцца.

Міхаіл БЯЛОЎ.