Культура з адценнем золата

Па 2200 рублёў за 1 кілаграм масланасення рапсу плацяць сёлета перапрацоўшчыкі вытворцам гэтай культуры. На жаль, высокія дывідэнды атрымаюць нямногія гаспадаркі раёна. Валавы намалот азімага рапсу склаў 465 тон. У лік дзяржзаказу пастаўлена толькі 12 тон.

 Пад ураджай 2011 года на Сенненшчыне было пасеяна 5000 га азімага рапсу. На пераважнай большасці плошчаў за зіму пасевы загінулі. Толькі ў ВДМС, ПП «Дружбінец», некаторых іншых сельгасарганізацыях культуру давялі да ўборкі.

 Правальны вынік работы па вырошчванні азімага рапсу прымусіў спецыялістаў райсельгасхарчу спачатку правесці вучобу з механізатарамі, занятымі на ворыве пад сяўбу тэхнічнай культуры, а потым — і з галоўнымі аграномамі, кіраўнікамі гаспадарак. Ім у чарговы раз напомнілі пра тэхналагічныя патрабаванні па перадпасяўной апрацоўцы глебы, нормах унясення ўгнаенняў, высеву насення. Семінар-нарада праходзіў на базе ААТ «Какоўчына», дзе ўжо вялася сяўба ­тэхні­ч­най ­культуры.

 — Гэта не надвор’е было неспрыяльным для зімоўкі рапса. Гэта мы з вамі, не ўсё зрабілі, каб падрыхтаваць расліны да зімы. Там, дзе пасеялі ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі, унеслі неабходную колькасць угнаенняў, рапс сёння ўбіраюць. Страты панеслі таксама, але не катастрафічныя, — выказаўся шчыра Віктар Цапота, старшыня райвыканкама, які прымаў удзел у семінары-нарадзе.

 Сёлета пад азімы рапс адведзена 3000 га. Да 15 жніўня насенне павінна легчы ў глебу.

 — Для вырошчвання рапсу прыгоднымі з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя, сярэдне — і лёгкасугліністыя, звязанасугліністыя, падсцілаемыя марэнным суглінкам, глебы,— даводзіла Антаніна Сунцеева, начальнік аддзела вытворчасці і збыту райсельгасхарчу пры ­правядзе­н­ні­ тэарэтычнай часткі семінара.— Лепшымі папярэднікамі для культуры з’яўляюцца адна — і  шматгадовыя травы. Можна сеяць пасля зерневых, але салома абавязкова павінна быць убрана з поля.

 Зрэшты, на Сенненшчыне вырошчваннем рапсу займаюцца не першы год. У 2009 годзе па раёне атрымалі на азімым рапсе ўраджай­насць 19 цэнтнераў з гектара, што з’яўляецца даволі нядрэнным паказчыкам для Беларусі. Асобныя гаспадаркі мелі яшчэ большыя намалоты: ААТ «Сенненскі райаграсервіс» — 29,1, ВДМС — 26,6, саўгас імя Машэрава — 26,3, «Дружбінец»— 21,1 цн/га. А калі ўлічыць закупачныя цэны, на якіх, безумоўна, адбіўся сёлетні неўраджай, то пасевы рапсу трэба павялічваць. Культуру,  без долі іроніі , можна назваць «залатой». Іншая справа, што, магчыма, трэба пашыраць яе яравы клін.  Гэты аспект праблемы таксама абмяркоўваўся ў час тэарэтычнай часткі семінара.

 Рапсам трэба займацца яшчэ і па той прычыне, што перапрацоўшчыкі дапамагаюць вытворцам сыравіны набываць сродкі аховы раслін, насенне, частку расходаў на вытворчасць аплочваюць у выглядзе авансу.

 Гліфасаты, гербіцыды — без іх добры ўраджай рапсу не атрымаць. Да таго ж, культура вельмі адчувальная да якасці апрацоўкі глебы. Таму на полі быў прадстаўлены ўвесь набор тэхнікі, што выкарыстоўваецца на рапсавых палетках: трактары рознай мадыфікацыі, АКШ, культыватар, сеялка Lemken, апырсквальнік. Тлумачэнні па іх рэгуліроўцы, настройцы давалі галоўны інжынер ААТ «Бяленева» Віктар Казіміраў, галоўныя аграномы адкрытых акцыянерных таварыстваў «Бяленева» і «Какоўчына» Андрэй Юсікаў і Міхаіл Баўфалік.

 Для вырошчвання рапсу патрэбны не толькі зямля, матэрыяльнае забеспячэнне вытворчасці. У любой справе вызначальная роля належыць людзям: механізатарам, тэхнолагам, іх кваліфікацыі, адносінам да сваёй працы.

Аляксандр ЛАЗЮК.

НА ЗДЫМКАХ: у час семінара-нарады ў ААТ «Какоўчына».