Багушэўцы ўкладваюць грошы ў добраўпарадкаванне

Бюджэт сельскіх Саветаў дэпутатаў ніколі не вылучаўся асаблівым багаццем. Што зробіш — спецыфіка фарміравання даходнай часткі бюджэту органа ўлады ніжэйшага ўзроўню. Нават калі на тэрыторыі сельсавета ёсць паспяховыя вытворцы прадукцыі, якія забяспечваюць  падатковую базу, грошы паступаюць на рахункі іншых органаў улады. У былыя часы, калі ўлада належала КПСС, у сельскіх Саветах дэпутатаў мелася прававая аснова для папаўнення свайго бюджэту пры дапамозе так званага самаабкладання. Грошы, якія збіраліся выключна спецыялістамі сельвыканкамаў, можна было выкарыстаць толькі дзеля добраўпарадкавання тэрыторыі сельсавета.

 Пазней, пасля распаду СССР, прававая база для падобных фінансавых збораў знікла. Зноў яна была створана зусім нядаўна, пасляпрыняцця Віцебскім абласным Саветам дэпутатаў рашэння №79 ад 24 чэрвеня 2006 года «Аб стварэнні пазабюджэтных фондаў сельскіх выканаўчых камітэтаў».

 — Жыхары вёсак хацелі б бачыць свае населеныя пункты прыгожымі, добраўпарадкаванымі, зручнымі для жыцця, — упэўнены Максім Рабцаў, старшыня  Багушэўскага сельскага Савета дэпутатаў.  — У гэтым жаданні мы салі­дарныя з імі. Толькі вось нашы жаданні не заўжды супадаюць з нашымі магчымасцямі — не хапае фінансаў.

 Нягледзячы на недахоп сродкаў, у Багушэўскім сельсавеце імкнуцца зменшыць існуючы дысбаланс. Кіраўніцтва выканкама актыўна вядзе сярод вяскоўцаў растлумачальную работу. Праўда, дастукацца да людзей бывае не проста. Летась, напрыклад, з Цыпак на  пазабюджэтны рахунак паступіла толькі 5 тысяч рублёў — грошы пералічыў адзін чалавек. Затое ў Заветным, Лучазарным вяскоўцы сабралі па 250 тысяч рублёў, у Скогу — 340. Добрая воля жыхароў пералічаных вёсак не засталася незаўважанай. У бюджэце выканкама сельскага Савета знайшліся сродкі  на падсыпку вуліц гэтых вёсак, грэйдзіраванне праезнай часткі. Купілі і ўстанавілі на бюджэтныя сродкі і сродкі пазабюджэтнага фонду кантэйнеры для збору  цвёрдых бытавых адходаў. Восенню на грошы, сабраныя ў насельніцтва, закупілі лямпачкі для вулічнага асвятлення. На гэтыя мэты было патрачана 580 тыс. рублёў. Частку грошай патрацілі на рамонт і ачыстку калодзежаў,  звод аварыйных дрэў.

 —  Сёлета збор ад домаўладанняў у пазабюджэтны  фонд павялічаны да 10 тыс. рублёў. Улічваючы колькасць сямей, што жывуць у сельсавеце, сума можа сабрацца даволі значная, а значыць, і аб’ём работ можа быць выкананы вялікі, — разважае Максім Рабцаў. — Справа за маленькім —  сабраць грошы. Разліковы рахунак Багушэўскага сельскага Савета дэпутатаў у аддзяленні  ААТ  «ААБ Беларусбанк» №3600326048000, код плацяжу ў бюджэт 3107. Грошы таксама можна ўнесці праз паштовае аддзяленне ці непасрэдна ў касу сельвыканкама.

Аляксандр Лазюк.

на здымку: добраўпарадкаванне на адным з падворкаў у в.Ског