На Сенненшчыне імкнуцца захаваць і развіваць прыватныя прысядзібныя гаспадаркі.

На пачатак года ў раёне налічвалася 6889 прысядзібных  гаспадарак, за якімі  было замацавана 3699 гектараў ворыўных зямель. У параўнанні з мінулым годам іх колькасць зменшылася на 193. У прыватным сектары ўтрымліваецца 1454 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1335 кароў. Яшчэ пяць гадоў назад іх было 3040 галоў.

 За паўгода насельніцтва паставіла на перапрацоўку  1516 тон малака, што складае 104,5 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Ад кожнай прыватнай каровы закуплена па 1094 кілаграмы малака, на 193 кілаграмы больш чым летась. У агульным аб’ёме закупак прыватны сектар дае 14 працэнтаў.

 Зборам прадукцыі на тэрыторыі раёна займаюцца сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «КоСвеМолТранс»,  КУП «Наш клопат». На камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Наш клопат» прыходзіцца  44 працэнты, індывідуальныя прадпрымальнікі Р.А. Ільючэнка, І.Л. Мароз  збіраюць адпаведна 6 і 12 працэнтаў, ПУП «КоСвеМолТранс» — 18, ДП «Саўгас імя Машэрава» і ААТ «Кругляны» — 8 працэнтаў і перапрацоўчае прадпрыемства — 12 працэнтаў.

 За апошнія паўтара года ў арганізацыі закупу малака адбыліся якасныя змяненні. З вясны мінулага года функцыі па арганізацыі закупу малака на тэрыторыі Беліцкага сельсавета былі перададзены індывідуальнаму прадпрымальніку Ірыне Мароз. У Какоўчынскім сельсавеце гэтыя абавязкі ўзяло на сябе ПУП «КоСвеМолТранс» г. Орша, якое ахапіла тэрыторыі трох акцыянерных таварыстваў «Бяленева», «Какоўчына», «Літусава». Ужо сёлета на тэрыторыі ААТ  «Ульянавічы» Багданаўскага сельсавета стаў закупляць малако індывідуальны прадпрымальнік Руслан Ільючэнка.

 Пашырылася тэрыторыя  закупу малака ў насельніцтва і ў камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Наш клопат», у абслугоўванні якога сёння ўсе населеныя пункты Студзёнкаўскага, Нямойтаўскага, Ходцаўскага, Багданаўскага, частка вёсак Машканскага сельсаветаў.

 Што гэта дало?

 Тлустасць малака летась складала 3,75 працэнта. За прайшоўшы час  гэтага года — 4,00 працэнты. Малако перастала вяртацца назад па прычынах кіслотнасці і наяўнасці антыбіётыкаў. Летась было вернута 9074 кілаграмы. Сёлета вернута ўсяго 636 кілаграмаў камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству  КУП «Наш клопат».

 Зменшылася колькасць зваротаў грамадзян са скаргамі на арганізацыю збору малака ў насельніцтва.

 Тым не менш, у камунальным унітарным прадпрыемстве «Наш клопат» мелі месца выпадкі заніжэння тлустасці малака малаказборшчыкамі вёсак Алексінічы і Леснікова. Пасля іх звальнення, пытанні з арганізацыяй закупу зняты з парадку дня.

 Малако, што закупляецца ў насельніцтва, аплачваецца па цане 1060 рублёў за кілаграм першага сорту. Акрамя таго, за кошт сродкаў, што выдзяляюцца з  рэспубліканскага бюджэту, ажыццяўляюцца выплаты надбавак да закупачных цэн — 85 рублёў за кілаграм. Разлікі за малако робяцца своечасова.

 У гэтым годзе ў гарадскім пасёлку Багушэўск закрыты малакапрыёмны пункт. Закупляць малако стаў вытворчы цэх «Сенненскі» ААТ «Аршанскі малочнакансервавы камбінат».

 З грамадскіх сельгасарганізацый  толькі   ДП «Саўгас імя Машэрава» і ААТ «Кругляны» непасрэдна вядуць работу па закупу малака ў насельніцтва.

 Адпаведна зацверджанай Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян раёна на 2011-2015 гады даведзена заданне па паляпшэнні пашы для жывёлы насельніцтва ў памеры 377 гектараў, фактычна палепшана — 297 гектараў. Выдзелена сёлета 1001 гектар сенакосаў, што складае 0,74 гектара на галаву. Па гэтаму паказчыку трэба выходзіць на лічбу 0,8 гектара на галаву.

 У раёне вырашана пытанне па набыцці цялушак у сельскагаспадарчых арганізацыях для развіцця падсобных гаспадарак грамадзян.

 Аднак па прычынах аб’ектыўнага, суб’ектыўнага характару, а таксама ў выніку дэмаграфічнай сітуацыі прыватны сектар эканомікі скарачаецца. Таму задача мясцовай улады ўсімі  магчымымі сродкамі падтрымаць тых, хто жадае займацца і вядзе прыватную падсобную гаспадарку. Трэба захаваць малагабарытную тэхніку (трактары, плугі, культыватары), набываць такую ж новую. Інакш сельгасарганізацыі, якія сёння атрымліваюць энерганасычаныя трактары і шматкорпусныя плугі, пры ўсім жаданні не  змогуць аказаць дапамогу вяскоўцу ў апрацоўцы ўчастка  памерам у 25-30 сотак. Дробную тэхніку трэба прарэвізаваць, сабраць і перадаць, незалежна ад жадання, участкам ЖКГ. Калі гэтага  не зрабіць, то ўсё, што засталося, будзе парэзана і здадзена ў металалом. І дробны прыватнік застанецца без сродкаў апрацоўкі зямлі, што паставіць крыж на прысядзібных сялянскіх гаспадарках.