Вінен – аддаць павінен. Каардынацыйны міжведамасны савет разгледзіў вынікі работы з абавязанымі асобамі ў Сенненскім раёне.
На чарговым каардынацыйным савеце (старшыня міжведамаснага савета З.С. Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама) спачатку меркавалася заслухаць справаздачы аб рабоце кіраўнікоў і адказных за работу з абавязанымі асобамі па выкананні патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзяржаўнага прадпрыемства «Саўгас імя Машэрава», адкрытых акцыянерных таварыстваў «Бяленева» і «Багушэўскі льнозавод» за першае паўгоддзе 2011 года. Аднак пачатак жніва «выратаваў» кіраўнікоў вышэйпералічаных арганізацый ад выслухоўвання ў свой адрас не вельмі прыемнай крытыкі за арганізацыю работы з абавязанымі асобамі. Пры тым, што, як заўважыла Зоя Сцяпанаўна, адкрываючы савет, для гэтай работы ёсць і магчымасці, і сіла, і ўлада. А калі мала сваіх, то раён дапаможа, каб прымусіць працаваць абавязаных і ў больш поўным аб’ёме пакрываць выдаткі, якія нясе дзяржава на выхаванне і ўтрыманне іх дзяцей.
Абавязаныя асобы — кантынгент няпросты. Часцей за ўсё, гэта людзі, якія злоўжываюць алкагольнымі напіткамі, пабывалі на «зоне», або адбываюць пакаранні ў выглядзе папраўчых работ, маральна няўстойлівыя і з надломленай псіхікай. Але такімі яны зрабілі сябе самі. Грамадства і каардынацыйны савет, у прыватнасці, стараюцца ім дапамагчы стаць на шлях выпраўлення, у тым ліку, і зарабіць грошы на ўтрыманне сваіх дзяцей.
Па стане на 1 ліпеня гэтага года на ўліку знаходзілася 130 абавязаных бацькоў, з якіх 107 працавалі, у тым ліку ў ДП «Саўгас імя Машэрава» — 9, ААТ «Бяленева» — 4 і ААТ «Багушэўскі льнозавод» — 3.
Сумы абавязковых плацяжоў па спагнанні выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, узрастаюць, таму вострай застаецца праблема адносін да працоўнай дзейнасці абавязаных асоб, з боку якіх учыняецца шмат прагулаў без уважлівых прычын. Ад гэтага залежаць памер фактычнага заробку і працэнт пакрыцця расходаў дзяржавы на выхаванне іх дзяцей.
Запазычанасць абавязаных асоб, якія працуюць у дзяржаўным прадпрыемстве «Саўгас імя Машэрава», складае 83629,2 тысячы рублёў, у ААТ «Бяленева» і ААТ «Багушэўскі льнозавод» адпаведна — 66020 і 20667 тысяч рублёў.
Колькасць прагулаў, учыненых абавязанымі асобамі, у цэлым па раёне за шэсць месяцаў гэтага года склала 938 рабочых дзён.
Толькі абавязанымі асобамі, якія працуюць у ДП «Саўгас імя Машэрава», за паўгода ўчынена 167 прагулаў (Н.М. Грунтова — 65, Н.Э. Сапакова — 33, М.Н. Гушча — 21, В.В. Семянкоў — 19), у тым ліку за чэрвень — 68 прагулаў.
У ААТ «Бяленева» з чатырох працуючых абавязаных асоб за паўгода двума гора-бацькамі здзейснена: А.Ф. Ягоранка — 107 прагулаў, Л.А. Варашылавай — 5. У чэрвені Ягоранка ўвогуле не працавала ні аднаго дня. Запазычанасць жа перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей складае звыш сямі мільёнаў рублёў.
85 дзён у першым паўгоддзі не працавалі абавязаныя асобы ААТ «Багушэўскі льнозавод»: Н.Н. Суханава і Е.В. Сухарава. Абедзве маюць запазычанасць перад дзяржавай.
Адпаведна нарматыўна-прававых дакументаў, кантроль за штодзённай яўкай на работу абавязаных асоб ажыццяўляюць наймальнікі сумесна з аддзелам унутраных спраў і аддзелам занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Арганізацыі, у якіх працуюць абавязаныя асобы, далёка не заўсёды інфармуюць аддзел унутраных спраў і аддзел занятасці аб няяўцы абавязаных асоб на работу. Не своечасова даюць звесткі аб уліку рабочага часу, парушэннях працоўнай дысцыпліны абавязанымі асобамі, у тым ліку і тых, што адмоўна паўплывалі на іх зарплату (табелі ўліку рабочага часу, загады аб адхіленні ад выканання работ, іншыя дакументы, якія пацвярджаюць факты парушэння працоўнай дысцыпліны).
У дзень няяўкі абавязанай асобы на работу наймальнік адразу ж прымае меры па дастаўцы іх на работу, пры наяўнасці няўважлівай прычыны звяртаецца ў аддзел занятасці і ў РАУС аб садзейнічанні ў гэтым. Адказныя за работу з абавязанымі асобамі не могуць не ведаць гэтых прапісных ісцін, бо з імі праводзілася вучоба.
Па стане на сярэдзіну ліпеня абстаноўка па ўсіх трох прадпрыемствах з прагуламі абавязаных асоб да лепшага не змянілася. Н.М. Грунтова і М.Н Гушча, А.Ф. Ягоранка не працавалі ні аднаго дня, вялікую колькасць прагулаў мелі іншыя абавязаныя асобы. Аднак ні аднаго сігналу з месца іх працы за два тыдні ў РАУС аб садзейнічанні ў дастаўцы да месца работы абавязаных асоб не было.
Акрамя таго, табелі ўліку рабочага часу з ААТ «Бяленева» аб працы абавязаных асоб за чэрвень паступілі толькі 15 ліпеня. Нягледзячы на неаднаразовы напамін з боку зацікаўленых асоб, ААТ «Багушэўскі льнозавод» табелі ўліку рабочага часу абавязаных не прадаставіў нават за май.
Абавязаныя асобы — гэта, як правіла, малакваліфікаваныя людзі. Наймальніку складана падабраць высокааплатную работу, таму, каб абавязаная асоба магла ўтрымліваць сябе і гасіць запазычанасць за выхаванне сваіх дзяцей, трэба максімальна нагрузіць яе (нават па сумяшчальніцтву) работай. Пры ўчыненні прагулаў без уважлівых прычын, неабходна забяспечыць іх адпрацоўкі шляхам прадастаўлення дадатковых аб’ёмаў работ або работы ў дадатковы час. Устанавіць самы жорсткі кантроль за працай абавязаных асоб і ў асноўны рабочы час.
Падводзячы вынікі работы каардынацыйнага савета, Зоя Фаміна адзначыла, што ў раёне яшчэ далёка не ўсё зроблена ў плане работы з абавязанымі асобамі. Вакол іх пакуль не створана абстаноўка нецярпімасці і асуджэння. Намаганні ўсіх зацікаўленых службаў павінны быць скіраваны на тое, каб прымусіць гэтых людзей працаваць, і працаваць эфектыўна.
Не ўсё залежаць ад асоб адказных за работу з абавязанымі. Аналіз спраў паказвае, што адказныя, а гэта маладыя людзі (ААТ «Бяленева», «Багушэўскі льнозавод» і ДП «Саўгас імя Машэрава»), яшчэ не пранікліся пачуццём адказнасці (выбачайце за таўталогію) за даручаны ўчастак. Гэта будзе даведзена да ведама іх кіраўнікоў і адміністрацый ведамаснай падпарадкаванасці, бо нават едучы на савет, яны як след не прааналізавалі і не вывучылі абстаноўку па рабоце з абавязанымі асобамі.
Міхаіл БЯЛОЎ.