Дайце дзіцяці мяч, пакуль яно не ўзяло нож! Як на Сенненшчыне вырашаюць праблему падлеткавай злачыннасці?

 

 

 

 

 

 

 

 

У Мексіцы 14-гадовы грамадзянін ЗША па загаду наркамафіі па-зверску забіў 4 чалавек. Па рашэнні суда ён атрымаў тры гады турмы. У абе­дзвюх краінах грамадскасць актыўна абмяркоўвае мяккасць прыгавору, але не сам факт злачынства, не прычыны, якія падштурхнулі падлетка да яго. Прабелы ў заканадаўстве дазваляюць мафіі актыўна вербаваць у свае шэрагі дзяцей і падлеткаў, а не дасканаласць заканадаўчай базы — пазбягаць злачынцам адэкватнага пакарання.

 Беларусы ніколі не сутыкаліся з мафіёзнымі кланамі. Але падлеткавая злачыннасць існуе і ў нас. Яе стымулюе пашырэнне ўжывання алкаголю непаўналетнімі і насельніцтвам у цэлым, упушчэнні ў арганізацыі адпачынку дзяцей.

Забойцы — 11 гадоў

ад нараджэння

 15 ліпеня ў Паставах, днем, дзяўчынка 11 гадоў ад нараджэння, села дома разам са знаёмай, старэйшай на 2 гады, выпіць піва. Неўзабаве паміж імі ўсчалася сварка, якая скончылася забойствам. За нож узялася малодшая, якая нанесла старэйшай шматлікія ўдары нажом, ад якіх апошняя памёрла. Праваахоўныя органы, лічаць, што ў некаторых раёнах краіны не на належным узроўні арганізавана занятасць і адпачынак дзяцей, што негатыўна адбіваецца на стане правапарадку ў падлеткавым асяроддзі, садзейнічае росту злачынстваў. Такі вывад зроблены пасля праведзенага ў Паставах маніторынгу стану работы суб’ектаў прафілактыкі.

 У ліпені ў СШ № 5 райцэнтра, у якой вучыліся дзяўчынкі, лагер дзённага знаходжання дзяцей, спар­тыўныя секцыі і гурткі не працавалі, дарэчы, як і ў іншых установах адукацыі раёна. На ўваходзе ў школу была змешчана аб’ява аб тым, што футбольны мяч, каб пагуляць на стадыёне, можна ўзяць у вахцёра. Між тым, і злачынца, і ахвяра злачынства патрабавалі асаблівай увагі. Іх бацькі ў свой час зна­ходзі­ліся на ўнутрышкольным уліку ў сувязі з парушэннем антыалкагольнага заканадаўства.

Бліжэй да месца

жыхарства

  Што зроблена на Сенненшчыне, каб нашы падлеткі не бадзяліся без справы, каб яны мелі магчымасць накіраваць сваю актыўнасць на добрыя справы? Па словах Веры Мурашка, метадыста аддзела адукацыі райвыканкама па выхаваўчай рабоце, ва ўсіх установах адукацыі ў летні перыяд працягваюць працаваць спартыўныя секцыі, гурткі, хоць і не ў такім рэжыме, як у час навучальнага года. Сенненскі цэнтр пазашкольнай работы перанёс сваю дзейнасць бліжэй да месца жыхарства дзяцей, стаў арганізоўваць «дваровыя пляцоўкі». Пры гэтым педагогі і школ, і ЦПР асаблівую ўвагу звяртаюць на дзяцей, якія знаходзяцца на ўнутрышкольным уліку, схіль­ных да правапарушэнняў. Не спынілі дзейнасць бацькоўска-педагагічныя патрулі. Яны пастаянна наведваюцца ў сельскія клубы, ДК, калі там праводзяцца дыскатэкі, іншыя забаўляльныя масавыя мерапрыемствы. Пачалася работа другой змены лагера «Юніёр». Ён арганізаваны сіламі аддзела адукацыі, РК БРСМ і ІСН для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Падлеткам гэтай катэгорыі  асаблівая ўвага пры працаўладкаванні. З пачатку лета 11 з іх атрымалі часовае месца працы ў розных арганізацыях. Сельскія дзеці актыўна ўдзельнічаюць ва ўборцы ўраджаю ў якасці памочнікаў камбайнераў, працуючы на зернетаках. Школь­нікі Машканскай і Нямойтаўскай школ збіраюць каласкі на палетках, якія пакінулі камбайны.

 Будзем спадзявацца, добрая арганізацыя вольнага часу дзяцей і падлеткаў, працаўладкаванне, уберагуць іх ад праблем прававога характару, дазволяць мець грошы, заробленныя ўласнай працай, і будуць патрачаны не толькі ашчадна, але і разумна.

Аляксандр ЛАЗЮК.