Камбайнерскія мары Канстанціна Яцкевіча і Валерыя Гарбачова

Упершыню прадстаўнікі Сенненшчыны сталі  лідарамі ў вобласці на жніве. На першае месца раён вывелі два маладыя хлопцы Канстанцін Яцкевіч і Валерый Гарбачоў. На сваім камбайне «КЗС-1218»  яны намалацілі, па стане на 27 ліпеня, 274 тоны зерня, што стала лепшым вынікам у  абласным спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў.

  — Тандэм Яцкевіч-Гарбачоў — зусім новы, — кажа дырэктар ААТ «Сенненскі райаграсервіс» Мікалай Курс. — Сёлета хлопцы ўпершыню селі за штурвал. Дагэтуль Канстанцін Яцкевіч рупіўся на трактары «МТЗ-3022» механізатарам. Памочнік камбайнера Валерый Гарбачоў — малады спецыяліст.

 Кажуць, навічкам шанцуе. Па словах маладых лідараў, поспех стаў для іх прыемнай нечаканасцю. Праўда, сёння хлопцы ўжо мараць пра абласныя і, нават, рэспубліканскія «Дажынкі». А пакуль яны атрымалі Падзяку і памятныя сувеніры з рук першага сакратара раённага камітэта БРСМ Аляксандра Абушкевіча і старшыні РК прафсаюза работнікаў  АПК  Анатоля Кучынскага.    

  Для экіпажаў, якія першымі намалоцяць 1000, 1500, 2000 і 3000 тон зерня,  арганізатары абласнога маладзёжнага спаборніцтва (аддзел па справах моладзі  аблвыканкама і абласная арганізацыя прафсаюза  работнікаў АПК) заснавалі грашовыя прэміі. Нашым хлопцам ёсць да чаго імкнуцца. А там, магчыма, і камбайнерскія мары аб «Дажынках» спраўдзяцца.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: А.Абушкевіч, К.Яцкевіч, В.Гарбачоў і А.Кучынскі.