Сенненскія школьнікі выходзяць на аперацыю «Каласок»

Уборка зерневых без страт стала сэнсам працы не толькі для дарослых жыхароў аграгарадка Машканы. Да жніва далучыліся дзеці, школьнікі малодшых класаў мясцовай школы. Кожны дзень яны пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Салаўёвай выходзяць на зжатыя палеткі і збіраюць каласкі. Іх праца дастойна аплачваецца — за кожны кілаграм дзяржаўнае прадпрыемства «Саўгас імя Машэрава» плаціць па 1546 рублёў.

 Гаспадарка — буйнейшы ў раёне вытворца малака і мяса.  За дзень грамадская жывёла спажывае каля 40 тон камбікорму.

— Таму кожны кілаграм збожжа для нас мае вялікую каштоўнасць. Іншы раз за зернем тэхніка адпраўляецца за межы вобласці, што прыкметна павышае сабекошт кармоў,— расказвае галоўны эканаміст ДП «Саўгас імя Машэрава» Алена Стрыжэннікава.— А тут кожны дзень зборам зерня са сваіх палёў павышаем валавы намалот на 100 —150 кілаграмаў, прывучаем дзяцей да працы. З маленства яны робяць з бацькамі агульную справу, ведаюць цану хлеба.

 Збор каласкоў на машканскіх палетках атрымаў назву — «аперацыя «Каласок».