У армію… з матчыным наказам. Першая партыя маладых сенненцаў накіравалася ў войска.
19 ліпеня адбылі на тэрміновую службу 13 юнакоў нашага раёна. Маладыя людзі накіруюцца на ахову граніцы, папоўняць рады падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў.
У раёне стала добрай традыцыяй праводзіць у армію ўрачыста. Павіншаваць юнакоў сабраліся родныя і знаёмыя, работнікі ваеннага камісарыята.
Пра сур’ёзнасць, адказнасць і ганаровасць службы гаварыў ваенны камісар, падпалкоўнік Сяргей Пінчук. Годна несці службу, стаць умелымі і граматнымі воінамі — галоўныя яго пажаданні прызыўнікам.
Наталля Іванаўна Сінкевіч ад імя ўсіх бацькоў заклікала юнакоў не забывацца пісаць лісты дадому і памятаць, што тут іх любяць і заўсёды чакаюць.
Па словах былога прызыўніка і радавога 103-й асобнай мабільнай брыгады Яўгена Рыбчанкі, армія — гэта дарога сталення і мужнасці, а служыць у ёй карысна і, нават, цікава. Галоўнае, не баяцца цяжкасцей і ўмець іх пераадольваць.
Наперадзе ў юнакоў штодзённыя трэніроўкі і нялёгкія армейскія будні. Зразумела, што спазнаваць усе складанасці воінскага быцця — задача не з лёгкіх.
Будзем спадзявацца, што маладыя людзі стануць сапраўднымі салдатамі, не пасаромяць сваіх землякоў, бацькоў, родных і блізкіх, любімых, якія з нецярпеннем будуць чакаць іх вяртання з радоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пасталелымі, загартаванымі суровымі буднямі армейскага жыцця.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКАХ: да прызыўнікоў звяртаецца Наталля Сінкевіч; прызыўнікі-сенненцы перад адпраўкай на зборны пункт.