Школьныя кірмашы ў горадзе Сянно, гарадскім пасёлку Багушэўск і аграгарадках раёна будуць праведзены 20, 27 і 30 жніўня. Адправіць дзіця ў школу абыйдзецца сенненцам і ад 120 тысяч да 2 мільёнаў рублёў.

Для забеспячэння таварамі школьнага асартыменту да 2011-2012 навучальнага года аблвыканкамам даручана з 15 ліпеня па 1 кастрычніка арганізаваць пашыраны продаж, рэкламныя акцыі  і  своечасовае атрыманне  з прамысловых прадпрыемстваў тавараў для школьнікаў ва ўзгодненных аб’ёмах і асартыменце. Калі ж такіх тавараў айчыннай вытворчасці не будзе хапаць, то іх варта набываць за межамі рэспублікі.  Распараджэннем аблвыканкама ўстаноўлена гранічная гандлёвая надбаўка з 15 ліпеня і па 15 верасня на тавары школьнага асартыменту ў межах 25 працэнтаў. Гэта інфармацыя даведзена да гандлёвых прадпрыемстваў усіх форм уласнасці. Вось пералік тавараў: туфлі, паўчаравікіі дашкольныя, школьныя, падлеткавыя; абутак спартыўны, дашкольны, школьны, падлеткавы; вопратка швейная і трыкатажная для дзяцей дашкольнага ўзросту, малодшай і старэйшай школьнай групы, падлеткавая; сшытак агульны, сшытак для малявання; абгортка для сшытка, кнігі, дзённіка; сшытак для нот; каса літар і лічбаў, фарбы акварэльныя; пластылін; ручка шарыкавая; пішучы вузел; алоўкі чорнаграфітныя, каляровыя; клей; палачкі для лічэння; пенал; лінейка; гумка; рукзак; ранец для пачатковых і старэйшых класаў; фламастары, цыркуль, тачылка.

 Як зазначыла дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Сенненскія прамтавары» Жанна  Еўзікава, сёлета, як ніколі, існуюць складанасці са школьным асартыментам. На прадпрыемствах няма патрэбнага таварнага запасу. Інфармацыя аб гэтым ёсць у абл­спажыўтаварыстве, таму ўзмоцненая работа ідзе з вытворцамі-пастаўшчыкамі. Што тычыцца вопраткі  дзелавога стылю для школьні­каў, прадстаўнікі райспажыўтаварыства пабывалі на Баранавіцкай швейнай фабрыцы, але выбар там невялікі. Брэсцкая швейная фабрыка «Надзея» новых узораў не мела, таму прапаноўвала толькі асартымент мінулага года. Бабруйская «Славянка», гомельская «Камінтэрн», жлобінская і навагрудская швейныя фабрыкі, салігорская «Калінка», два швейныя прадпрыемствы Гродзенскай вобласці, у тым ліку і камерцыйныя — вось з гэтымі пастаўшчыкамі сёння ідзе работа па школьнай  вопратцы. Для набыцця  абутку наладжаны сувязі з прадпрыемствамі «Сівелга» (Мінск), «Неман» (Гродна), Лідская абутковая фабрыка, «Магілёўабутак». Запрашае і прадпрыемства «Сан-Марка» (Віцебск), але тут самая нізкая адпускная цана 250 тысяч рублёў. «Чырвоны Кастрычнік » (Віцебск) пакуль нічога не прапаноўвае. Сёе-тое набыта на «Белвесце». Прапрацоўваюцца магчымасці  і па спартыўнай форме.

  Школьныя тавары, адпаведна  квот, завозіліся і раней. Але ў асартыменце пакуль іх няма, бо, скажам, па швейных вырабах  большасць прадпрыемстваў змяшчаюць тэрміны паставак  бліжэй да сярэдзіны жніўня.  Школьна-пісьмовыя прыналежнасці ёсць у продажы ў асартыменце.

   Гандлёвая сетка прадугледжвае  рэалізацыю школьных тавараў у крэдыт, праўда, на тры месяцы. Крэдытная форма гнадлю пачне  дзейнічаць з 1 жніўня.

 Пры абмеркаванні пытанняў гандлю таварамі школьнага асартыменту намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна  запатрабавала ад работнікаў прылаўка самага сур’ёзнага  падыходу да азначанай праблемы. Калі гаворым  «асартымент», то пад гэтым словам трэба  разумець не толькі якасць ткані ны, матэрыялу, але і іх кошт, густ сённяшніх дзяцей, колерную гаму, памеры і г.д. Калі гэта ранец, то ён павінен адпавядаць сіле і росту пачаткоўца і  старшакласніка.

 Магчыма, крэдытнай растэрміноўкі ў тры месяцы малавата. Работнікі гандлю павінны са сваімі  прапановамі звярнуцца ў райвыканкам.

 Як іншы раз бывае: прыйшоў хлопчык з маці ў магазін, прымерыў касцюмчык. Пінжачок — акурат, а штонікі — даўгаваты. Таму ПУП «Сенненскія прамтавары» абавязана прадугледзець куток падгонкі: дзе, як кажуць, не адыходзячы ад касы, можна было б і пакараціць, ці, наадварот, за кошт завароту падоўжыць, ці зрабіць нейкую іншую перакройку патрэбнага тавару.

 Не пашкодзіла б на час гандлю школьнымі таварамі мець і кансультацыйную групу. Дапамагчы знайсці,  параіць, падабраць… Словам, зрабіць так, каб пакупнік не пакінуў гандлёвае прадпрыемства з пустымі рукамі.

 У гэтым плане павінна папрацаваць і «бытоўка». Не здолеў чалавек набыць стандартны тавар, магчыма, ён пажадае скарыстацца паслугамі індывідуальнага пашыву.

 Ужо традыцыйнай для раёна стала акцыя «Партфель», калі працоўныя калектывы, прыватныя прад­прымаль­нікі, грамадзяне  ахвяруюць некаторую суму грошай для экіпіроўкі ў школу дзяцей са шматдзетных і няпоўных сямей. І гэту работу нельга адкладваць на потым. Яе варта «закручваць» і «раскручваць» сёння.

Міхаіл БЯЛОЎ.