Сенненскія католікі звяршылі пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай

З Сянно ў Будслаў. Традыцыя наведваць святыя месцы, куды імкнуцца тысячы вернікаў з усіх куткоў Беларусі, з іншых краін — Літвы, Польшчы, Расіі, пашыраецца сярод сенненцаў. У пачатку ліпеня больш за 20 нашых землякоў наведаліся ў Будслаў, вёску, якая знаходзіцца ў Мядзельскім раёне, каб памаліцца абразу Маці Божай Будслаўскай. Праз два гады будзе адзначацца 400-годдзе, як абраз знаходзіцца ў мясцовым бернардзінскім касцёле. Ён з самага пачатку быў шанаваны вернікамі за цуды. Пра іх яшчэ ў ХVІІ стагоддзі была напісана кніга. Абраз працягвае здзіўляць і ў наш час. А таму вабіць людзей, умацоўвае веру.

 Будслаўскі абраз Найсвяцейшай Панны Марыі  для вернікаў рыма-каталіцкага веравызнання такая ж святыня, як для праваслаўных ікона Жырові­цкай Божай Маці.

 

З ГІСТОРЫІ  БУДСЛАВА І АБРАЗА

Раней вёска мела назву Буда. Дзякуючы цудам абраза яна  стала Будславам. Іншым быў і касцёл — невялікі, драўляны. З цягам часу ён перастаў умяшчаць вернікаў. Пачалося будаўніцтва новага, цагля­нага. Пасля ўзвядзення і да нядаўняга часу касцёл заставаўся буйнейшым на Беларусі.

 Касцёл і вёска стаяць на беразе ракі Сэрвач, па якой мясцовыя жыхары некалі ганялі плыты да Балтыйскага мора. Аднойчы адзін з плытагонаў трапіў пад бярвенне, яму моцна пашкодзіла нагу. Чалавек сыходзіў крывёю. Непрытомнага мужчыну прынеслі ў касцёл, паклалі перад абразам Маці Божай, сталі маліцца. І здарылася цуда. Кроў спынілася, рана на вачах стала зацягвацца.

 Найсвяцейшая Панна Марыя нават вяртала да жыцця мёртвых. Мясцовая чатырохгадовая дзяўчынка ўпала ў сажалку і ўтапілася. Калі яе дасталі з вады, яна не дыхала і так раздулася, што давялося разразаць     сарочку. Калі бацькі, моцна галосячы, з надзеяй прысвяцілі яе абразу Маці Божай, дзяўчынка тут жа вярнулася да жыцця.

 Будслаў, хоць і вёска, даволі буйны населены пункт. За польскім часам ён меў статус горада, наўпрост быў звязаны з Варшавай —  хадзіў цягнік Будслаў —  Варшава. Пры Саветах касцёл не закрылі. А калі пачалася другая Сусветная вайна, мужчыны-будслаўчане ўдзельнічалі   ў  ёй у складзе польскіх войскаў, Чырвонай Арміі,  пачынаючы з 1 верасня 1939 года. І ні адзін з іх не загінуў. Хіба гэта не цуд?

 Абраз Маці Божай Будс­лаўскай адорвае ласкамі сваіх дзяцей і сёння. Хоць статыстыку будслаўскіх цудаў цяпер ніхто і не вядзе. Але, адкрываючы скрынку для ахвяраванняў, у ёй  часта знаходзяць то залатыя пярсцёнкі, то іншыя каштоўнасці. Без якіх-небудзь подпісаў. Проста ў знак падзякі.

Згодна з інфармацыяй, змешчанай на сайце Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай сёлета ў Будславе толькі пешых пілігрымаў сабралася каля 2,5 тысячы чалавек. Людзі ішлі з Мінска, Баранавіч, Польшчы, мужчыны, жанчыны, старыя, малыя, юнакі, дзяўчаты. Многія ехалі на веласіпедах, матацыклах, аўтамабілях, аўтобусах.  Сенненцаў, багушэўцаў у Будславе, па словах ксяндза Дзмітрыя, пробашча касцёла Святой Тройцы, сёлета было больш за 20 чалавек. Большасць прыехала на аўтобусе, нехта на ўласным аўто. Як, напрыклад, сям’я Подраз. Аксана — сталая жыхарка Сянно. Аднак сямейныя карані яе паходзяць з Будслава. Менавіта таму на фэст Подразы ездзяць кожны год. Як і большасць будслаўцаў, якія традыцыйна з’язджаюцца 1 ліпеня з усіх куткоў свету. Аўтару гэтых радкоў давялося пагутарыць з чалавекам, які даўно жыве ў Расіі, але рэгулярна наведваецца, каб памаліцца іконе Маці Божай Будслаўскай.

 Упершыню ў гісторыі фэста была наладжана трансляцыя службы. Таму ў тых, хто не трапіў у Будслаў, была магчымасць далучыцца да падзей, паслухаць зварот да вернікаў мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, памаліцца разам з усімі абразу Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай.

ЖЫЦЦЁ ПА-ЗА ФЭСТАМ

Будслаў славіцца многімі сваімі знакамітымі ўраджэнцамі. У прыватнасці, гэта радзіма Паўліны Мядзёлка,   актрысы першага беларускага Нацыянальнага тэатра, адной з першых  выканаўцаў галоўнай ролі ў спектаклі паводле п’есы Янкі Купалы «Паўлінка». Кажуць, пясняр быў безадказна закаханы  ў дзяўчыну. Спецыяльна пад яе напісаў п’есу, якая стала нацыянальнай класікай. У канцы свайго жыцця Паўліна Мядзёлка жыла ў Будславе, арганізавала самадзейны тэатр. Тут знайшла свой спачын. Яе магіла знаходзіцца на будслаўскіх могілках. Будслаўчане прыцягваюць не толькі сваім унутраным і знешнім хараством. У іх можна павучыцца арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Людзі, якія прыехалі ў Будслаў, мелі  ўсё   неабходнае для жыццядзейнасці. Тым не менш, сляды гэтай жыц­цядзейнасці былі не­заўважнымі. Карэктна   вялі сябе міліцыянеры, шчыра ўсміхаліся прадаўцы за пры­лаўкам. Унутрыная  чысціня  ўплывала на паводзіны усіх, хто прыйшоў да святыні.

 Аляксандр ЛАЗЮК.

 НА ЗДЫМКАХ: будслаўскі касцёл; сенненцы ў Будславе; буд­слаўчане і госці пасля фэсту; .