Беларускі пісьменнік прэзентаваў кнігі сенненскім бібліятэкам
У Ходцаўскім сельскім Доме культуры адбылася прэзентацыя кнігі А.С. Бабкова «Расстралянае дзяцінства». Чаму ў Ходцах? Аўтар кнігі родам з вёскі Соіна Ходцаўскага сельсавета. Таму менавіта зямлякам ён і вырашыў першым прэзентаваць сваё выданне.
Прысутныя ўважліва слухалі расказ Аляксея Сяргеевіча пра творчую і жыццёвую біяграфію журналіста, пісьменніка, чалавека, прысвяціўшага ўсё жыццё служэнню Радзіме, Чырвонай, а затым і Савецкай Арміі, пра гісторыю стварэння кнігі «Расстралянае дзяцінства», якая ў некаторай ступені з’яўляецца аўтабіяграфічнай. У аўтара кнігі таксама страляў паліцай, які суправаджаў Аляксея з паліцэйскага ўчастка вёскі Рубежніца, у сенненскую камендатуру. Да шчасця, даў маху і родныя хмызнякі выратавалі Аляксея ад кулі.
Героі кнігі — выхаванцы піянерскай арганізацыі, ленінскага камсамола, рэзерв Камуністычнай партыі. Сярод лепшых сыноў і дачок беларускага народа нямала было і сенненцаў, якім таксама прысвечаны адзін з раздзелаў кнігі.
Калі, хто думае, што Аляксей Сяргеевіч Бабкоў займаецца творчай дзейнасцю дзеля нейкай матэрыяльнай выгоды, той глыбока памыляецца. Спонсары, безумоўна, ёсць, але асноўныя сродкі для выдання кніг, у тым ліку і «Расстралянага дзяцінства», аўтар бярэ са сваіх асабістых зберажэнняў, пенсіі.
— Для таго, каб сённяшняе пакаленне вырасла патрыётамі сваёй Радзімы, іх трэба выхоўваць на гераічных баявых і працоўных традыцыях мінулага і цяперашняга нашай краіны, народа, — гаворыць Аляксей Бабкоў. —Людзі павінны памятаць жахі вайны і не дапусціць паўтарэння трагедыі. А для гэтага нават пенсіі не шкада. Мне 9-ы дзесятак… Грошы з сабой не забярэш… А чалавек жыве да той пары, пакуль аб ім жыве памяць. Я маю на ўвазе не толькі сябе, але найперш герояў «Расстралянага дзяцінства».
З даравальным памятным надпісам, зробленым рукой аўтара, пісьменнік прэзентаваў кнігі Сенненскім сярэднім школам № 1 і № 2, краязнаўчаму музею і дзвюм гарадскім бібліятэкам. Гэтыя экземпляры можна атрымаць у рэдакцыі райгазеты: звярнуцца да Міхаіла Бялова, тэл. 4-12-57.
Міхаіл БЯЛОЎ.