Камунальнікі адчыталіся перад старшынёй Сенненскага райвыканкама

  — Жыхарам раёна патрэбны канкрэтныя справы, якія спрыяюць павышэнню ўзроўню і якасці жыцця. А яны ў многім залежаць ад работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якую нездарма называюць у народзе «службай настрою». Таму пачнём са справаздачы камунальнікаў аб тым, як выкананы папярэднія заданні. Персанальную адказнасць за работу РУП ЖКГ з сённяшняга дня нясе Віктар Комлеў, начальнік аддзела будаўніцтва, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, — так пачаў апошню планёрку Віктар Цапота, старшыня райвыканкама.

 Кіраўніка раённай улады хвалюе, што прайшла  ўжо палова лета, а запланаваны рамонт вуліц Савецкай і Пралетарскай у Сянно яшчэ не пачынаўся. Як і работы ў гарадскіх парках 40-годдзя Перамогі і Трох Герояў. У апошнім з названых будзе праведзена не толькі добраўпарадкаванне — з’явяцца вадаём, спартыўныя пляцоўкі, знойдзецца, нават, месца для размяшчэння невялікай групы жывёл.

 У эканамічным, сацыяльным плане для РУП ЖКГ важна змяншаць спажыванне імпартных энерганосьбітаў. Летась добры эфект атрыманы ад выкарыстання шчапы. Таму ўжо сёлета з пачаткам ацяпляльнага сезона гэты від паліва будзе запатрабаваны на цэнтральнай кацельні  райцэнтра.

 Сур’ёзнай праблемай для камунальнікаў з’яўляецца дэбіторская запазычанасць. Яна не змяншаецца ўжо каторы год. Але ад старшыні райвыканкама камунальнікі слоў спачування не пачулі, бо адміністрацыя прадпрыемства далей размоў аб адсяленні неплацельшчыкаў у жыллё без камунальных зручнасцей не ідзе.

 Марудна вядуцца работы па рэканструкцыі хлебазавода. У выніку прагнозныя эканамічныя паказчыкі па грамадскаму харчаванню знаходзяцца пад пагрозай зрыву. Нягледзячы на шматлікія запэўніванні пра безумоўнае іх выкананне. Аматараў пустых абяцанняў Віктар Цапота папярэдзіў: «Прагнозныя паказчыкі, запланаваныя мерапрыемствы будуць выкананы з вамі ці без вас — для справы гэта не важна».

 Асабліва востра ставіў пытанні  старшыня райвыканкама, калі яны зыходзілі ад людзей, жыхароў раёна, датычыліся элементарных умоў жыцця. Менавіта таму ён папрасіў галоўнага ўрача РЦГЭ пацвердзіць запэўніванні кіраўніцтва райспажыўтаварыства, што пытанні, узнятыя вяскоўцамі па рабоце аўталавак, выкананы.

 Будаўніцтва, работа дарожных арганізацый, выкананне задання па платных паслугах у сферы аграэкатурызму — таксама аказаліся ў полі зроку старшыні райвыканкама. Напружаны перыяд чакае аграрнікаў. Вось-вось пачнецца жніво.

 — Да канца тыдня ўсе зернеўборачныя камбайны трэба абкатаць хоць бы ўхаластую. Сушыльных комплексаў у раёне не хапае. Таму для сушкі зерня варта выкарыстоўваць гліфасаты, што дазволіць пачаць жніво некалькі раней, зэканоміць паліва. Выпрабоўвайце зернеўборачныя машыны ў рабочым рэжыме на ранніх злакавых травах, на азімых зерневых. Тады масавае жніво будзе ісці без збояў. Укамплектуйце такі, камбайны сродкамі пажаратушэння, не забывайце пра тэхніку бяспекі і здароўе людзей. Касавіца траў першага ўкоса завяршаецца — мець менш 15  ц к.адз. на кожную галаву жывёлы мы не маем права, — такія задачы на бліжэйшы час паставіў Віктар Цапота.

 Л. ІЎЕЎ.