На Купала Сянно гуляла

Ноч з 6 на 7 ліпеня жыхары і госці райцэнтра па традыцыі праводзяць на беразе маляўнічага Сенненскага возера. Ні верагоднасць дажджу, ні заўтрашні працоўны дзень не перашкодзілі сенненцам і на гэты раз адсвяткаваць купальскую «ўсяночную». Дапамагалі ім у гэтым работнікі культурнай і гандлёвай сфер.

 З васьмі гадзін вечара на сцэнічнай пляцоўцы ішлі выступленні народных калектываў «Вечарынка» і «Вясёлыя музыкі». Конкурсамі, гульнямі забаўлялі народ міфалагічныя героі свята Купалінка (Алена Матузенка), цётка Ганна (Раіса Усціновіч), нячысцікі. Разам з імі гледачы даведваліся пра купальскія абрады. А дзяўчаты ў вяночках ад Купалінкі варажылі на суджанага.

 Кульмінацыйным момантам святочнай праграмы стала запальванне купальскага вогнішча і пошук Папараці-кветкі.

 Тыя, каму не пашанцавала яе знайсці, маглі паспрабаваць шчасця ў бяспройгрышнай латарэі. Побач працавалі гандлёвыя рады. Асаблівай папулярнасцю ў пакупнікоў карысталіся шашлыкі. Увагу маленькіх наведвальнікаў свята прыцягвала палатка з паветранымі шарыкамі і рознай дзіцячай дробяззю.

 Бліжэй да 23.00 фальклорныя калектывы змянілі эстрадныя выканаўцы і дыскатэка. Перад гледачамі выступілі групы “Трыніці” і “Імпульс” раённага Дома культуры, а таксама Алена Матузенка, Дмітрый Ішкоў, Яна Шагідзевіч, Ксенія Рыбчанка.

 Па павер’ях, Купалле – час росквіту не толькі прыродных, але і цёмных сілаў. Ад апошніх можна чакаць рознай шкоды. Нездарма насельнікі бліжэйшых вуліц у гэтую ноч таксама не спалі і пільна сачылі за сваёй гаспадаркай. 

Вольга Бандарэвіч

На здымках: спявае «Вечарынка»,  падчас конкурсу.