Якіх стандартаў не хапае сенненцам?

У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1299 дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва з’яўляюцца абавязковымі для выканання ў арганізацыях усіх форм уласнасці, выкарыстоўваюцца пры фарміраванні мясцовага бюджэту. Устаноўленыя нарматывы ў грашовым вылічэнні штогод з улікам сродкаў, прадугледжваемых законам аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы год, пераглядаюцца і зацвярджаюцца  аблвыканкамам. Выкарыстоўваюцца пры стварэнні сацыяльнай інфраструктуры ў аграгарадках, што фарміруюцца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі. Словам, гэта той мінімум выгод, даброт, паслуг, які павінен атрымаць грамадзя­нін адпаведна свайму статусу.­

Якасць выканання сацыяльных стандартаў у раёне была нядаўна прадметам абмеркавання на чарговым пася­джэн­ні райвыканкама. Адзначалася, што з 41 зацверджанага сацыяльнага стандарта не выконваюцца нарматывы, або выконваюцца не ў поўным аб’ёме, па 4 сацыяльных стандартах.

 У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўкаранёна адзінаццаць сацыяльных стандартаў. Аднак да нарматыву па ўдзельнай вазе вуліц з удасканаленым пакрыццём не дацягваюць пакуль Багданаўскі і Студзёнкаўскі  сельсаветы.

 Для паляпшэння якасці выканання стандартаў па ацяпленні жылых памяшканняў і тэмпературы гарачай  вады ў другой палове мінулага года працягваліся работы па замене састарэлых стальных труб на папярэдне ізаляваныя (заменена 2550 пагонных метраў). Для якаснай падачы вады на артэзіянскіх свідравінах заменены 4 глыбінныя помпы.

 Без  абмежаванняў і ў запатрабаваных  аб’ёмах выконваюцца нарматывы спажывання электраэнергіі ў дамах з газавымі і электраплітамі ў месяц на аднаго чалавека.

 Аўтобуснымі зносінамі ахоплены ўсе цэнтральныя сядзі­бы сельскіх Саветаў дэпутатаў і сельгаспрадпрыемстваў, аграгарадкі, усе населеныя пункты з колькасцю двароў звыш 10. Выконваюцца нарматывы абслугоў­вання насельніцтва на ўнутрыабласных (міжгародніх) маршрутах, штодзень робіцца больш за 10 зваротных рэйсаў па маршруту «Сянно — Віцебск».

 Выконваюцца сацстандарты ў галіне адукацыі: па ахопу дзяцей дашкольнага ўзросту месцамі ў дашкольных установах; па забяспечанасці школьнікаў агульнай плошчай у агульнаадукацыйных установах, спартыўнымі збудаваннямі. Летась выкананы вялікі  аб’ём работ па паляпшэнні тэхнічнага стану матэрыяльнай базы. Зроблены капітальны рамонт мяккага даху асноўнага будынка Беліцкай сярэдняй школы, над спартыўнай залай і харч­блокам, дахі адрамантаваны ва Ульянавіцкай і Ходцаўскай сярэдніх дзіцячых садах-школах.

 Рэалізацыю нарматываў у галіне культуры забяспечваюць 32 бібліятэкі, 27 клубных устаноў, Дом рамёстваў, гісторыка-краязнаўчы музей, раённы метадычны цэнтр, 2 дзіцячыя школы мастацтваў і музычная школа. Нарматыў расходаў па культуры ў пераліку на аднаго чалавека перакрыты больш як у тры разы.

 Забяспечваюцца  нарматывы па электроннай і паштовай сувязі. Аднак  не выкананы нарматывы па забяспечанасці ўрачамі пярвічнага звяна, забеспячэнні насельніцтва кругласутачнымі месца-ложкамі.

 Не аснашчана кінавідэапраекцыйным абсталяваннем 12 клубных устаноў у аграгарадках.

 У сваім рашэнні раённы выканаўчы камітэт адзначыў недастатковую работу раённага спажыўтаварыства па прадастаўленні насельніцтву паслуг грамадскага харчавання і абавязаў выправіць становішча, і перш за ўсё ў аграгарадках. Аднавіць работу кафетэрыя  ў Машканах.

 Галоўны ўрач установы аховы здароўя «Сенненская ЦРБ» І.М.Мізаўцоў абавязаны ўзмацніць работу па ўкамплектаванні ўстановы аховы здароўя неабходнымі кадрамі.

 Начальнік аддзела культуры Л.Я.Новікава павінна рашыць пытанне з устаноўкай кінавідэапраекцыйнага абсталявання ў аграгарадках Янова, Какоўчына, Багушэў­ска, Рулёўшчына, Літусава, Багданава, Ходцы, Белая Ліпа, Студзёнка, Полымя, Сінягорскае, Ульянавічы, Кругля­ны.

 Кіраўнікі раёна абавязаны працягваць работу, накіраваную на падтрыманне ўзроўню абслугоўвання насельніцтва ў строгай адпаведнасці з нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў.