У Міжнародны дзень аховы працы ў Сянно па ініцыятыве ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне наладзілі «круглы стол».

За яго запрасілі  Таццяну Лапеха, Ірыну Ігнатовіч, Яўгена Усціновіча, Антаніну Наваковіч, Сяргея Зеляню — інспектараў па ахове працы прадпрыемства меліярацыйных сістэм, райаграсервісу, ЦРБ, ДРБУ-146, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Да іх размовы далучыліся Марына Наваковіч, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама, Віктар Дзергачоў, тады  галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, і Аляксандр Лазюк, супрацоўнік газеты «Голас Сенненшчыны», член раённай камісіі па ахове працы.

 Калектыў павінен быў знайсці адказ на простае, на першы погляд, і складанае, пры дэталёвым разглядзе, пытанне: «Чаму на прадпрыемствах Сенненшчыны марудна  змяншаецца колькасць выпадкаў вытворчага траўматызму?».

 В.Д.: — Здавалася б, што прасцей — на будоўлі муляры, тынкоўшчыкі, спецыялісты любой іншай прафесіі пры правядзенні работ павінны насіць ахоўныя каскі. Але не носяць. Нават калі калега па брыгадзе атрымаў па гэтай прычыне траўму.

 

 

 

С.З: — А як  растлумачыць дзеянні чалавек, які, не маючы ніякіх адносін да сферы дзейнасці,  заходзіць у цэх, уключае станок і пачынае на ім працаваць. У выніку атрымлівае  траўму. Падобны  факт меў месца ў АТП №20.

Т.Л.: — Растлумачце мне, як  старонні чалавек трапіў у цэх? Як ён уключыў станок, які павінен мець устройства, што папярэджвае несанкцыянаваны доступ да механізма? Дзе быў кіраўнік вытворчага падраздзялення, без дазволу якога не можа запускацца станок? У даным выпадку мне асабіста бачацца арганізацыйныя недахопы ў сістэме аховы працы.

В.Д.: — Дарэчы,  праверкі, якія  пры надзвычайных здарэннях на вытворчасці праводзяцца Лепельскай міжраённай інспекцыяй, таксама пра гэта сведчаць. З іншага боку, любы кантроль мае свае межы.

 С.З.: — У выпадку траўматызму ці смерці работні­ка адказнасць за здарэнне ўскладваецца на кіраўніка вытворчага падраздзялення. Форма пакарання залежыць ад вывадаў, зробленых пры правядзенні расследавання.

 Т.Л.: — Сёння па радыё чула перадачу. У ёй спецыялісты Дэпартамента аховы працы прывялі статыстычныя даныя, згодна з якімі ў 50% выпадкаў вытворчага траўматызму вінаватымі прызнаюцца пацярпелыя. Гэтая лічба мяне, як спецыяліста па ахове працы, парадавала, бо раней  работнік звычайна апраўдваўся. Нават калі ён свядома парушыў правілы. Цяпер  пры такіх абставінах, у залежнасці ад ступені віны, губляе значныя  страхавыя выплаты. Можна разлічваць, што падобны падыход будзе мець выхаваўчы эфект, будзе мяняць псіхалогію людзей.

 І.І.: — У любой інструкцыі па тэхніцы бяспекі, з якой знаёміцца работнік, запісана пра яго адказнасць у  выпадку парушэнняў праві­лаў аховы працы, пра залежнасць выплат ад ступені віны ў выпадку вытворчага траўматызму. Толькі вось гэта мала ўздзейнічае на людзей…

 А.Л.: — Трэба, каб прайшоў нейкі час, каб людзі ўсвядомілі змены. Псіхалогія чалавека мяняецца марудна. Але мяняецца. Вы ж не будзеце адмаўляць, што  ў апошнія гады  нецвярозых людзей на вытворчасці стала менш? Гэта вынік узмацнення барацьбы за дысцыпліну на падставе вядомага Дэкрэта Прэзідэнта.

 

 

 

С.З.: — Вынік ёсць, толькі не ў сельскай гаспадарцы. Летась у нецвярозым стане за рулём было затрымана 30 механізатараў, селета — 6, пераважна тых, што абслугоўваюць жывёлагадоўчыя фермы.

 А.Л.: — Сельская гаспадарка — асаблівая сфера вытворчасці. Усе агульныя тэндэнцыі, тым не менш, праяўляюцца і там: 30 нецвярозых механізатараў — не 130, як было ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя. Не будзем забывацца і пра тое, якіх механізатараў накіроўваюць на працу па абслугоўванні ферм, як там наладжаны кантроль.

 В.Д.: — Грубых парушэнняў у сферы аховы працы ўсё яшчэ многа не толькі ў сельскай гаспадарцы. На будоўлі людзі, як я ўжо казаў, бывае, працуюць без касак. Гэта не што іншае як бравада, непрыхаванае ігнараванне існуючых норм і правілаў. Траўмы на вытворчасці на прадпрыемствах Сенненшчыны ўсё яшчэ здараюцца. Але  атрымлівалі іх у апошнія гады толькі цвярозыя людзі.

  М.Н.: — За падобныя паводзіны трэба караць матэрыяльна. Пры гэтым нельга забываць уключаць у калектыўны дагавор пункт, які прадугледжвае меры стымулявання за дакладнае і пастаяннае выкананне правілаў ТБ. Такая практыка ў раёне існуе?

С.З.: — У асобных гаспадарках. Праблема ў тым, што ў прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі не хапае сродкаў.

 Т.Л.: — А часцей — разумення з боку кіраўнікоў  арганізацый важнасці праблемы. Праўда, тут многае залежыць і ад пазіцыі спецыяліста па ахове працы, які павінен, абавязаны давесці, у тым ліку да кіраўні­коў вытворчых падраздзя­ленняў, што за тэхніку бяспекі, ахову працы адказваюць яны ў першую чаргу.  Пра гэта трэба казаць кожны дзень: на вытворчых нарадах, пры наведванні аб’ектаў.

 Я.У.: — Чалавек ужыў алкаголь у рабочы час. Адхіліць яго ад працы, давесці пра здарэнне кіраўніку, значыць зламаць яго лёс.

А.Н.: — Хай пра гэта клапоціцца п’яніца. Тым больш, што з’явіўшыся на вытворчы аб’ект нецвярозым, ён ставіць пад па­­гро­зу не толькі ўласнае  здароўе, але і жыццё іншых людзей.

 В.Д.: — На вытворчасці, заснаванай на прыватнай форме ўласнасці, наўрад ці магчымы быў бы падобны факт. Па-другое, інспектар ці любая іншая адказная асоба не сумняваўся б у правільнасці сваіх паводзін. Ён зрабіў бы тое, што павінен рабіць у строгай адпаведнасці з законам. У гэтым адрозненне нас, людзей, якія сфарміраваны пры дзяржаўнай форме ўласнасці, ад, скажам, немцаў. Але нам яшчэ належыць прайсці гэты шлях. Магчыма, будзе балюча, некамфортна, тым не менш, ісці трэба.

 На маю думку, з цягам часу функцыі правяраючых органаў таксама па­він­ны змяняцца. Іх спецыялісты павінны больш займацца маніторынгам, аўдытам. Гэта значыць не толькі знаходзіць недахопы, але і паказваць шляхі іх ухілення. Мы павінны быць партнёрамі. 

Лічбы і факты

 У 2006 годзе на прадпрыемствах раёна зафіксавана 14 выпадкаў вытворчага траўматызму, у тым ліку цяжкіх — 3, са смяротным зыходам — 1. У 2010  стан вытворчага траўматызму характарызуецца наступнымі лічбамі: 8, 3, 0.