Альпіністы на Сенненшчыне

Некалькі дзён у Багушэўскім сельсавеце працавалі спецыялісты з Полацка, якія маюць неабходную падрыхтоўку для работы на вышыні.Яны спілоўвалі старыя дрэвы на могілках і ў  населеных пунктах.

Супрацоўнікі прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства  «Райсельсервіс» на Сенненшчыну прыязджаюць не першы раз. Амаль кожны год старшыня Багушэўскага сельскага Савета дэпутатаў Максім Рабцаў знаходзіць для іх працу. Старых дрэў хапае. Асабліва праблематычна спілоўваць іх на могілках і ў вёсках. Работу трэба выканаць такім чынам, каб не пашкодзіць агароджы, помнікі. За тры працоўныя дні  «альпіністы» навялі парадак на могілках вёсак Філёва, Ског, Пасад. Усяго ж на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 22 месцы для пахавання, палова з якіх ужо добраўпарадкаваны.

 Кацярына КАРПОВІЧ.