Ёсць, для каго старацца. На Сенненшчыне вызначыліся лідары спаборніцтва сярод маладых механізатараў
У пачатку пасяўной кампаніі для маладых механізатараў ва ўзросце да 31 года, што працуюць у сельгаспрадпрыемствах раёна было арганізавана спаборніцтва.
Кожны дзень збіралася інфармацыя, колькі ўзарана, засеяна гектараў тым ці іншым трактарыстам. І вось вызначыліся лідары. Адным з іх стаў Уладзімір Варанковіч з КУСГП «Полымя» (на здымку).
Колькі працуе ў гаспадарцы трактарыстам, хлопец адразу і не падлічыў. Скончыўшы школу, застаўся ў роднай вёсцы, стаў працаваць на зямлі. Пасведчанне трактарыста атрымаў пасля заканчэння вучэбна-курсавога камбіната пры райсельгасхарчы. Вярнуўшыся з арміі, зноў заняўся звычнай справай. Два гады ўжо руліць на новым «Беларус-3022».
Трактар Уладзіміра ў счэпцы з АПП-6Д заняты на пасяўной. Маладым механізатарам засеяна 710 гектараў (на 20 мая) зерневымі, ільном, рапсам.
Ёсць для каго старацца. Дома яго чакаюць жонка і маленькая дачка. Хоць зранку і да позняй ночы Уладзімір на працы і часу на сям’ю амаль што не застаецца, ён паспявае дагледзець сялібу. Жывуць маладыя Варанковічы разам з маці ў асабістым доме ў Беліцы, трымаюць уласную прысядзібную гаспадарку.
Кацярына КАРПОВІЧ.
Фота аўтара.