У Багданаўскай бібліятэцы адкрылася сямейная гасцёўня

Адметным мерапрыемствам  у рамках выязнога семінара  бібліятэчных работнікаў «Кніга — спадарожніца сямейнага выхавання», які праходзіў у Багданаўскай сельскай бібліятэцы, была гасцёўня «Мая  сям’я — мая радасць», падрыхтаваная бібліятэкарам З.А.Комлевай.

Свята сям’і — важнае свята, бо сям’я — гэта  свет у мініяцюры. Ад яе трываласці і дабрабыту залежыць будучае  ўсяго чалавецтва. Такімі словамі пачала пасяджэнне гасцёўні Зінаіда Анатольеўна. Да ўдзелу ў сустрэчы былі запрошаны чатыры сям’і.

  Чацвёрты год выхоўвае Алена Віктараўна Самсонава прыёмных дзяцей Таню і Андрэя. Дзве родныя дачкі жанчыны выраслі, ёсць ужо і ўнучак. Добра памятаючы сваё цяжкае інтэрнацкае дзяцінства, яна ахінула матчынай цеплынёй абяздоленых дзетак. «Падарую ім радасць сямейнага жыцця», — вырашыла Алена Віктараўна.

 Прымалі ўдзел у мерапры­емстве і Святлана Аляксееўна Гарбачова з прыёмным сынам Жэнем, Людмі­ла Аляксееўна Маркевіч з унучкай Данай, Жанна Мікалаеўна Лапеха з дачкой Машай.

 Для іх і ўсіх прысутных была падрыхтавана цікавая праграма. А іншай сустрэча не магла і быць, бо  сама  яе арганізатар Зінаіда Анатольеўна Комлева — чалавек вельмі цікавы, апантаны працай, таленавіты і творчы. Пасля 25 гадоў работы ў службе быту, ніяк не звязанай з бібліятэчнай справай, жанчына здолела крута змяніць свой прафесійны лёс.  Як прызнаецца сама, стаць бібліятэкарам была мара ўсяго яе жыцця. І вось праз чвэрць веку жыццёвыя сцяжынкі прывялі яе ў Багданаўскую бібліятэку. Калі спачатку і непакоілі нейкія сумненні і страхі (ці атрымаецца, ці спраўлюся?), то ў хуткім часе яны развеялі­ся, як дым. Цяпер неда­свед­чаны і не здагадаецца, што перад ім былая швачка, а не прыроджаны  культработнік. Умее выклі­каць прыхільнасць людзей, арганізаваць іх, заразіць сваімі ідэямі, павесці за сабой.

 У час гасцёўні яе ўдзельнікі, і дарослыя, і дзеці, былі вельмі актыўнымі, жыццярадаснымі, разняволенымі. Вельмі пранікнёна прачытала верш уласнага сачынення пра сваю сям’ю прыёмная маці Алена Самсонава. Ад душы дапамагалі Зінаідзе Анатольеўне ў правядзенні мерапрыемства настаўніца мясцовай школы Галіна Ганкевіч і загадчыца Багданаўскага Дома культуры Ніна Мілеева. Не застаўся ўбаку і муж Фёдар Леанідавіч, выдатны гарманіст і спявак. Шчыра гучалі вершы і песні пра маму і сям’ю ў выкананні Даны Гарбачовай, Жэні Алейнікава, Тані Барадаўка, іншых дзяцей. Прыйшлі на сустрэчу і расказалі пра свае мнагадзет­ныя сем’і Марына Косава, якая выхоўвае дзвюх дачок і сына, і Валянціна Гарбачова — маці семярых дзяцей і бабуля траіх унукаў. Трох сыноў і чатырох дачок выхавала жанчына. Старэйшаму з дзяцей ужо 27 гадоў, малодшаму — 16. На пытанне гаспадыні гасцёўні мнагадзетная маці шчыра адказала: «Сапраўды — унукаў шкадую больш. А сярод дзяцей любімчыкі — малодшыя». З мужам Валянціна Міхайлаўна пражыла душа ў душу 28 гадоў.

 Сем’і, запрошаныя ў гасцёўню, з задавальненнем прымалі ўдзел у віктарынах і конкурсах. Аказалася, што яны ведаюць шмат прыказак і прымавак. З годнасцю адказалі на розныя «каверзныя» і нечаканыя пытанні, прапанаваныя ў конкурсе «Блеф-тур».  Дасведчанымі чытачамі паказалі сябе ў віктарыне «Казка на ноч».

 Не забыліся ўдзельнікі гасцёўні і пра татаў, якія, як вельмі занятыя людзі, на сустрэчу прыйсці не змаглі. Расказалі пра іх сыны і дачушкі.

 Завяршылася  мерапрыемства агульнай песняй, пажаданнямі здароўя і сямейнага дабрабыту. Кожны з удзельнікаў гэтага добрага свята ўзяў з сабой часцінку той дабрыні, цеплыні, радасці і шчырасці, якія панавалі на сустрэчы.

Таццяна Буракова.

   

На здымках:  музычны нумар сям,і Комлевых; у гасцёўні прыёмная сям’я А.В.Самсонавай;  выстава сямейнай творчасці «Сям’я — краіна натхнення», арганізаваная ў Багданаўскай бібліятэцы.