Як згубілі паўкіламетра дарогі

Згубы бываюць розныя. Хтосьці  паклаў міма кішэні кашалёк з грашыма, хтосьці, робячы пакупку ў магазіне, забыў на прылаўку парасон, у кагосьці па недаглядзе ці па няўважлівасці сперлі нейкую рэч нячыстыя на руку людзі і г.д. Але каб згубіць 1 кіламетр дарогі, такое прыгадаць складана. І не якой-небудзь там вясковай, якая з цягам часу парасла бур’яном і кустоўем, а на ўчастку Сянно — Турава. Той, хто ездзіць у гэтым напрамку, напэўна, заўважыў, што за гарадской рысай адлік тураўскай дарогі пачынаецца з другога кіламетра. А дзе першы? А ён стаў нейтральнай зоной паміж горадам і вёскай, г.зн нічыім. А калі так, то і рамонтам гэтага шляху ніхто не займаўся: праезная частка стала нагадваць калдобіну на выбоіне.

 Нарэшце, здаецца, знайшлі кансенсунс. Палову адрэзка вырашылі адрамантаваць за грошы, прадугледжаныя у бюджэце на добраўпарадкаванне горада, другую частку — за кошт бюджэту сельсаветаў. Работы вядзе ДРБУ-146. Аўтамабілістам ці пешаходам розніцы няма: хто аплоціць асфальтаванне. Галоўнае — дарога ёсць.