Дзве сяброўкі загулялі…. і трапілі на камісію

Познім красавіцкім вечарам, а дакладней, дзесьці бліжэй да 23 гадзін, гулялі дзве сяброўкі, назавём іх Таццянай і Вольгай, па горадзе. Абедзве 1996 года нараджэння. Па-другое, вучацца разам у адной з гарадскіх школ. Па-трэцяе, пераломны ўзрост, а тут вясна, усё ажывае… Пагаманіць было аб чым. Вось толькі з рамантычнымі прыгодамі неяк не складвалася. Таму, калі дзяўчаты пабачылі электрычнае святло ў вокнах бара, ногі неяк самі па сабе панеслі іх на яго, як начных матылькоў на агонь.

 Знайшлася і кішэнная дробязь, на якую набылі паўтарачку піва.

 Збіраліся спажываць дзяўчаты  набыты напой ці не, аб гэтым пратакол, складзе­ны работнікамі міліцыі, і тлумачэнні пакупнікоў замоўчваюць. Затое факт рэалі­зацыі піва непаўналетнім Таццяне і Вользе афіцыянткай бара Сенненскага райпо Марынай  З. зафіксаваны дакладна, што з’яўляецца парушэннем правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву.

 Як патлумачыла пры высвятленні справы сама З., «… в тот момент, когда девушка приобретала пиво, я у нее паспорт не спрашивала. О том, что продала пиво несовершеннолетней, я узнала от работников милиции».

 Сапраўды, вызначыць узрост па знешняму выгляду можна далёка не заўсёды. Таму лепш  спытаць пашпарт, а пры яго адсутнасці ўстрымацца ад продажу, каб не мець для сябе непрыемнасцей.

 Справа мела заканамерны працяг. Матэрыялы трапілі ў адміністрацыйную камі­сію Сенненскага райвыканкама (старшыня А.А.Цяцюеў), якая нядаўна іх разгледзе­ла і  пастанавіла на падставе артыкула 12.17 ч.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях — Парушэнне правілаў ганд­лю і аказання паслуг насельніцтву — грамадзянку Марыну З. прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь (700 тысяч беларускіх рублёў,пры зарпла­це, калі верыць усё ж таму пратаколу-апытанню, 370 тысяч рублёў у месяц).

 Навука, здаецца, для Марыны З. будзе на ўсё жыццё. Аднак хочацца паставіць пытанне перад бацькамі гэтых дзяўчат: няўжо сэрца не ёкала, калі пятнаццацігадовыя іх дочкі ў 23 гадзіны вечара яшчэ шукалі дзесьці прыгод, а не ўкладваліся адпачываць дома. Зайздросны спакой. Ведаю жанчыну, якая, выявіўшы, што на седале ў пару няма курыцы, палову вуліцы на ногі падняла. А тут дзіця…