Памідоры з нагамі
Нездарма кажуць, што добры сусед іншы раз лепшы за сваяка. Ну, а калі сусед дрэнны, — гэта стыхійнае бедства.
У майго знаёмага Васіля было аж два дрэнныя суседы (якраз між імі трапіўся дачны ўчастак). Абодва суседы былі нячыстыя на руку. Бралі не толькі тое, што дрэнна ляжыць, але і тое, што ляжыць «добра». Апошні ж выпадак «пабіў усе рэкорды».
Жонка Васіля, адметная агародніца, кожную восень здымала багаты ўраджай памідораў. І расаду вырошчвала заўсёды сама. Летась таксама ў канцы мая высадзіла памідоры «ўласнай гадоўлі» ў адкрыты грунт. А мужу загадала падвязаць раслінкі да колікаў. Васіль, як на зло (а потым аказалася, што на шчасце), забыўся захапіць з дому якія-небудзь падвязкі-вяровачкі. Добра, у дачным доміку валяўся падраны жончын халат. Распаласаваў яго і так выйшаў са становішча.
Наступнай раніцай зноў прыехаў. Трэба ж паглядзець, як там на «сотках». Глянуў на свой агарод і аж аслупянеў на хвіліну ад здзіўлення і разгубленасці. Памідорныя градкі былі пустыя. Толькі ямкі ды колікі з падвязкамі нагадвалі, што тут нядаўна «сядзелі» расліны.
Раней знікалі вёдры, граблі, нават абрэзаныя пластыкавыя бутэлькі. Але такая пакража здарылася ўпершыню. Ведаючы нядобрыя «звычкі» суседзяў па ўчастку, Васіль адразу накіраваўся за мяжу. Прайшоўся з аднаго боку — не відаць прапажы. Перайшоў на другі. Не пакідаючы надзеі знайсці свае памідоркі, на ўсялякі выпадак зазірнуў у акно суседавага доміка. Там на падлозе ў вядры стаялі памідоры. Міжволі ўвагу прыцягнула вельмі знаёмая рэч. Тая самая падвязка, зробленая з халата, зачапілася неяк за адну расліну і рассакрэціла злодзея. Васіля аж скаланула. Разбіў шыбку, забраў свае памідоры і зноў пасадзіў на ранейшае месца.
Пад вечар на дачу прыехаў сусед. У хуткім часе завітаў да Васіля. «Ці не бачыў ты каго на маім участку? — пытае. — Шкло ў акне разбіта». Васіль у адказ: «А ці прапала што? А то маім памідорам нехта «ногі прыдзелаў». Суседа як ветрам здула. Толькі на хаду ўжо прамармытаў: «Ды не, усё на месцы».
Таццяна Буракова.