У сенненскім райкаме ГА “БРСМ” прайшлі выбары
Напрыканцы красавіка ў РДК сабралася моладзь з усяго раёна. Тут адбылася 44 справаздачна-выбарчая канферэнцыя Сенненскай раённай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Удзел у ёй прынялі дэлегаты ад пярвічных арганізацый раёна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ала Бельская, галоўны рэдактар раённай газеты Вольга Мысліцкая і першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Дзмітрый Хама.
Сёння БРСМ — буйнейшае моладзевае аб’яднанне ў краіне. На Сенненшчыне яго членамі з’яўляюцца 1128 чалавек, якія ўваходзяць у склад 70 пярвічак.
Асноўныя кірункі працы аб’яднання — патрыятычнае выхаванне і арганізацыя адпачынку моладзі, прапаганда здаровага ладу жыцця, інфармацыйна-ідэалагічная, спартыўна-турыстычная работа і прафілактыка правапарушэнняў. Аб тым, як вядзецца гэта работа на Сенненшчыне, расказаў першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аляксандр Абушкевіч.
У апошні час вялікая ўвага надаецца працы з моладдзю, што стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх (ІПН), іх адпачынку. Як паказвае практыка, калі маладыя людзі занятыя, то колькасць правапарушэнняў з іх удзелам значна змяншаецца. З гэтай мэтай ужо тры гады ў час летніх канікулаў арганізоўваецца работа валанцёрскага лагера «Юніёр», аналагаў якому няма ў Віцебскай вобласці. Кожны год у ім адпачываюць каля 30 падлеткаў. У 2011 плануецца зрабіць дзве змены «Юніёра», бо з кожным годам жадаючых адпачыць і папрацаваць на карысць раёна сярод школьнікаў становіцца болей.
Шмат часу ўдзяляецца сем’ям, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Рэйдавыя групы, у склад якіх уваходзяць актывісты БРСМ, кантралююць гора-бацькоў, аказваюць патрэбную дапамогу.
Але самая галоўная задача Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — раскрыццё творчага патэнцыялу кожнага чалавека. З гэтай мэтай праводзяцца інтэлектуальныя турніры «Эрудыт», «Што? Дзе? Калі?», арганізоўваюцца творчыя фестывалі «Песни юности наших отцов», «Школьны марафон», «Супермужчына».
Увага ўдзяляецца і маладым сем’ям Сенненшчыны. Праводзяцца конкурсы на лепшае моладзевае падвор’е, лепшую сям’ю. Традыцыйнымі сталі спаборніцтвы па настольным тэнісе, турніры па валейболе, прысвечаныя памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, раённая спартакіяда для «цяжкіх» падлеткаў, велапрабег па памятных месцах Сенненшчыны, ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца».
Члены БРСМ заўсёды прымаюць удзел у рэспубліканскіх акцыях, накіраваных на барацьбу з туберкулёзам, СНІДам, наркаманіяй, алкагалізмам.
Актыўная работа была праведзена ў рамках святкавання 65-годдзя Перамогі. За гэты час моладзь прыняла ўдзел у вялікай колькасці акцый і мерапрыемстваў як раённага, так і рэспубліканскага ўзроўняў.
І цяпер за ветэранамі вайны замацаваныя атрады з ліку піянераў, членаў БРСМ, якія дапамагаюць ім па гаспадарцы, віншуюць са святамі. У гэтым кірунку добра працуюць пярвічкі ў Ходцаўскай, Багданаўскай, Беліцкай школах. Не пакідаюць без увагі школьнікі адзінокіх і адзінока пражываючых людзей.
Між тым, не ўсё яшчэ наладжана адпаведным чынам. На думку першага сакратара абласнога камітэта ГА «БРСМ» Дзмітрыя Хамы, недастатковая работа вядзецца па працаўладкаванні моладзі падчас летніх канікулаў. За мінулыя тры гады працоўныя месцы атрымалі толькі 123 чалавекі. А жадаючых зарабіць летам значна больш, чым вакантных месцаў.
Напрыканцы канферэнцыі прысутныя зацвердзілі склад Сенненскага раённага камітэта ГА «БРСМ» і раённай кантрольнай камісіі. Першым сакратаром зноў абраны Аляксандр Абушкевіч. «Праца БРСМ на Сенненшчыне наладжана на добрым узроўні: гэта адно з мацнейшых раённых аб’яднанняў БРСМ у Віцебскай вобласці. Але працаваць яшчэ ёсць над чым», — зазначыў Дзмітрый Леанідавіч.
Кацярына КАРПОВІЧ.