А настаўнікі ў нас – клас!

З кожным годам узровень выканаўцаў значна павышаецца. Калі раней гэта, хутчэй за ўсё, быў конкурс сярод аматараў песні, то сёння  нумары падрыхтаваны на даволі  высокім узроўні.  Са­ліс­ты, дуэты, трыо, квартэты і хары спявалі як на рускай, беларускай, так і замежных мовах. Верыць у тое, што на сцэне звычайныя настаўнікі, якія ніколі пра­фе­сій­на не займаліся вакалам, было скла­дана. Ацэньвалася не толькі майстэрства выканання, але і ўменне трымацца на сцэне, артыстызм. Адзнакі не апускалі­ся ніжэй за 8. А часцей за ўсё кампетэнтнае журы, узначальваў якое Іван Смірноў, дырэктар Сенненскай ДШМ, выстаўляла адны дзясяткі. 

 Цяжкасці ўзніклі ў фінале фестывалю, калі прыйшлося вылучаць мацнейшых. Знайсці лепшых з ліку лепшых — справа не простая. Таму ўзнагароды і граматы за прызавыя месцы атрымлівалі не адзін-два, а часам тры-чатыры чалавекі ці калектывы.

 Так, пераможцамі ў намінацыі «Песня-шлягер» сярод вакальных груп стала Студзёнкаўская дзіцячы сад-школа.  Сярод дуэтаў, трыо і квартэтаў  перамаглі спявачкі з Машканскай дзіцячы сад-школы. Лепшымі ж салістамі ў гэтай намінацыі былі прызнаны Вольга Красноўская (СШ №2 г.Сянно), Людмі­ла Рацькова (Беліцкая дзіцячы сад-школа), Ірына Ігнатава (Машканская дзіцячы сад-школа) і Вольга Суднік (яслі-сад №1 горада Сянно). Усе дзяўчаты атрымалі дыпломы першай ступені. А Ірына Ігнатава і Вольга Суднік — яшчэ і грашовыя прэміі, бо сярэдні бал за іх выступленні раўняўся дзесяці.

 Як і ў мінулым годзе, сваёй колькасцю і падрыхтаванасцю ўражвалі харавыя калектывы. У гэты раз іх было 6. Першае месца па-сяброўску падзялілі паміж сабой сенненскія школы. Другое прысуджана багушэўскай школе №2. Трэцяе — Ульянавіцкай дзіцячы сад-школе.

 З’явілася і новая намінацыя — «Песня, прысвечаная настаўніку», у якой выдзелілі квартэт дзіцячага яслі-сада №2 горада Сянно.

 За выкананне песні на беларускай мове была адзначана вакальная група з Багданаўскай дзіцячы сад-школы. Сярод салістаў лепшым стаў Аляксандр Вішнякоў з другой          багушэўскай школы.

  Прыемна парадавала і тое, што арганізатары конкурсу ўлічылі меркаванне гледачоў. Кожны жадаючы змог аддаць свой голас за таго ці іншага спевака.  Пераможцам у намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый» стаў дэбютант фестывалю Сяргей Сяргееў з Багушэўскай санаторнай школы, які атрымаў памятны падарунак.

Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымку: хор настаўнікаў СШ №1 г.Сянно;